У 1940 годзе ля Сітцаў быў пабудаваны аэрадром. Паводле звестак сайта “Беларускі авіядзённік”, гэта быў грамадзянскі аэрадром 125 Сітцо/Сітце (15 км на захад ад Докшыц) як рэальна дзейнічаючы па стане на 27. 03. 1941 г.
Герой Савецкага Саюза Доліна Марыя Іванаўна, намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі 125 Гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка імя Героя Савецкага Саюза М. Расковай упамінае, што 18 чэрвеня 1944 года іх полк здзяйсняў пералёт з Каменкі (адтуль яны ляталі на вызваленне Барысава) ў Вельск праз аэрадром Сітце.

У першыя дні вайны было знішчана некалькі савецкіх самалётаў. Яны як напамін пра мірнае жыццё так і засталіся на лётным полі. Праз некаторы час іх адцягнулі крыху ўбок да хлява на край аэрадрома. Само лётнае поле размяшчалася на ўсход ад царквы, што добра бачна на нямецкіх фотаздымках таго часу.

“На далейшае жыццё вяскоўцаў у акупацыі ў многім уплывала непасрэдная наяўнасць аэрадрома, - дзеліцца ўспамінамі Яловік А. А. - Сітцы і Курдзекі былі заняты немцамі. Большая іх частка абслугоўвала лётнае поле. Да 1943 года тут былі і італьянскія ваенныя. У асноўным немцы кватаравалі па хатах. Асабліва шмат іх было ў Курдзеках. Са слоў Яловіка Аляксандра Аляксандравіча, 1937 года нараджэння, і Шылавіча Уладзіміра Іванавіча ля Курдзек на полі ля могільніка быў абарудаваны фальшывы аэрадром. (Дадатак 3). Уначы для дэзарыентацыі праціўніка там паліліся агні. Было такое, што нашы самалёты бамбілі гэты фальшывы аэрадром. Каб савецкія самалёты не маглі ўначы выявіць Сітцаўскі аэрадром, захоўвалася строгая светамаскіроўка. З наступленнем цемнаты немцы абыходзілі вёску і строга сачылі, каб нідзе з акон не прабівалася нават палосачка святла. Інакш – удар прыкладам у шыбу”.
Запісаў Пятух Уладзімір, вучань 7 класа, 2018 год
Немцы адчувалі сябе на акупіраванай тэрыторыі вальготна. Калі меркаваць па фотаздымках, змешчаных на сайце “Міжнародны ваенны форум”, то ім прыносіла задавальненне фатаграфавацца на фоне самалётаў і нашай царквы.

Задавальненне прыносіў і іншы занятак – страляць з самалёта па людзях. Родны дзядзька жыхаркі Плісак Ані Платонавай выпадкова трапіў на аэрадром. Яго заўважыў нямецкі лётчык і ганяўся за ім да той пары, пакуль не застрэліў.
Жыхары вёскі Курдзекі захавалі нямецкія лістоўкі-звароты да камандзіраў і байцоў РККА. Лістоўкі гэтыя на пачатку вайны мяшкамі скідвалі немцы на акупіраванай тэрыторыі. Яловік А.А. успамінае, што ашчадныя жыхары вёсак Сітцы і Курдзекі падбіралі гэтыя мяшкі, туга напакаваныя паперкамі, і выкарыстоўвалі для розных гаспадарчых патрэб: пускалі на курыва, ўцяплялі столь на хаце, абклейвалі сцены падсобных памяшканняў.
Запісаў Шах Аляксандр, вучань 7 класа, 2018 год