“Слова складзена з болю: Хо-да-раў-ка…”

Дата: 26 апреля 2019 в 09:28, Обновлено 2 мая 2019 в 13:51

…Тут з агнём і жалезам прайшлі,

I - хмарынкамі чыстыя душы

На нябёсы высока ўсплылі…

Сцяпан Гаўрусёў

(Мемарыяльны комплекс “Ходараўка” замацаваны за Сітцаўскай сярэдняй школай. Кожны год у маі месяцы перад святам Вялікай Перамогі мы мы надаём помніку асаблівую чысціню.)

https://sitzy.schools.by/photoalbum/491987

Мемарыяльны комплекс “Ходараўка”. Па-беларуску і па-італьянску гэта назва гучыць аднолькава. Урочышча ў Докшыцкім раёне, дзе ў 1944 годзе гітлераўцы расстралялі 600 савецкіх і 200 італьянскіх ваеннапалонных. У знак памяці калісьці на гэтым месцы школьнікамі былі пасаджаны бярозкі.

У 1969 годзе на магіле быў пастаўлены абеліск ахвярам фашызму. 20 кастрычніка 1992 года на сродкі, якія выдзеліла Італія, быў адкрыты мемарыяльны комплекс. З таго часу кожны год прадстаўнікі гэтай краіны прыязджаюць сюды, каб пакланіцца сваім загінуўшым землякам. Аддаюць даніну памяці вучні школы, мясцовыя жыхары.

У час вайны фашысты расстралялі тут 800 чалавек – 600 мірных жыхароў і 200 ваеннапалонных італьянцаў. Сведкам гэтага быў жыхар вёскі Дзядкі Божалка Вітольд Станіслававіч. Яму было ў той час 15 год. Ён пасвіў у полі кароў, калі пачуў рокат машын, лямант, стрэлы. Назіранне вёў з дрэва. Затым з яго зваліўся і пакалечыў нагу. Тэрыторыя вакол Ходараўкі была ачэплена, і яго заўважыў паліцай-латыш. Строга папярэдзіў. Хлопец доўга хаваўся, баяўся выйсці на вуліцу. Перад вачамі стаяла жудасная карціна: расстрэл людзей, грозны паліцай. У вушах стаяў гул машын, стрэлы, лямант…

Здавалася, прырода перастала дыхаць. Паліла сонца. Жыта, што сцяной стаяла абапал комплексу, спыніла павольны рух сваіх каласоў. Высока ў неба на тонкіх белых ствалах паднялі свае кроны гонкія бярозы, быццам прасілі: “Памілуй, Божа, ад такіх падзей!” Яшчэ ніжэй апусцілі галовы 12 жаночых фігур, постаці і твары якіх адлюстроўваюць смутак і боль. А ў цэнтры – скульптура мужчыны, якая быццам вырастае з самой зямлі. У ёй – сляды нясцерпных пакут, неразуменне і нязгода з тым, што тут адбывалася. Хто ён? Беларус? Італьянец? А можа сам Ісус Хрыстос раскінуў рукі перад смерцю? За яго пакуты, смерць плачуць усе жанчыны Беларусі. Менавіта такую задуму ажыццявілі ў сваёй рабоце скульптары.

Месца расправы было засыпана зямлёй. Параненыя, засыпаныя зямлёй, стагналі, прасілі дапамогі. Сведкі расказвалі, што зямля яшчэ доўга “дыхала”. Жыхары бліжэйшых вёсак і хутароў імкнуліся дапамагчы тым, хто змог выратавацца.

Так Францукевіч Іосіф схаваў параненага італьянца і затым пры спрыяльных абставінах пераправіў яго да партызан. Але ў мірны час адбылося непапраўнае! З дэлегацыяй італьянцаў прыехаў і той, каго Іосіф Францукевіч выратаваў, і хацеў сустрэцца са сваім збавіцелем. Але ўлады змянілі курс і праграму дэлегацыі. Іосіф, адчуўшы затрымку, пайшоў насустрач дэлегацыі. Але ўжо было позна. Усхваляваны, ён яшчэ доўга чакаў, спадзяваўся ўбачыць свайго італьянца.

На жаль, уладу тады больш цікавіла палітыка, чым просты чалавек. Справа ў тым, што гэтай сустрэчы чакаў не толькі Іосіф Францукевіч, але і ўсе жыхары вёскі Дзядкі. Людзі вельмі перажывалі. Што можа быць каштоўней чалавечага жыцця і чалавечай годнасці?!

У 1998 годзе памерла яшчэ адна сведка тых падзей - Каротчык Вера. Яна ўспамінала, што ў час гону ваеннапалонных паліцаі спыняліся ў іх на кватэры. Тады яна была дзяўчынкай і жыла з маці. Іх выгналі з дому, і ўсю ноч фашысты балявалі. Потым на працягу 27, 28 і 29 чэрвеня 1944 года расстрэльвалі ў Ходараўцы ваннапалонных італьянцаў і вязняў з лагера “Лібараўшчына”.

На камені на італьянскай і беларускай мовах пазначана, што на гэтым месцы ў 1944 годзе нямецка-фашысцкімі акупантамі былі расстраляны 600 мірных жыхароў і 200 ваеннапалонных італьянцаў.

14 ліпеня 2012 года быў асвечаны новы крыж на мемарыяле “Ходараўка”.

На асвячэнне новага крыжа, які паставілі на мемарыяле па ініцыятыве пробашча Параф’янаўскай каталіцкай парафіі айца Рамана Мурзіча, сабраліся, бадай, усе жыхары бліжэйшых да Ходараўкі населеных пунктаў Сітцаўскага сельсавета. Разам з імі ў гэты дзень быў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, іншыя адказныя асобы райвыканкама. Асвяціў крыж біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін.

Пад акампанемент арганіста Станіслава Красоўскага хорам спявалі:

Малюся за цябе, Беларусь,

За тваіх дачок і сыноў,

Каб была паміж намі любоў.

Я малюся да Бога і прашу…

Раўнадушных не было. Змахвалі са шчок слёзы жанчыны. У задуменні паніклі галовамі мужчыны. І толькі немаўляткі перабіралі сваімі ножкамі па гладка скошанай траве, выкладзенай пліткай дарожцы. Жыццё працягваецца…

Напачатку прайшла святая ліція. Маліліся за не сваёй смерцю памерлых 600 нявінных мірных жыхароў, якія былі сагнаны ў канцлагер “Лібараўшчына”, і за 200 палонных італьянскіх салдат. Яны па волі лёсу знайшлі вечнае прыстанішча ў беларускай зямлі.

Ніхто з відавочцаў тых жудасных падзей не застаўся ўжо ў жывых. А вось іх успаміны занатавала ў летапісе і беражліва захоўвае настаўніца гісторыі Сітцаўскай школы Тамара Каляга.

У прастор несліся і вершаваныя радкі Марыі Дзюбак:

Жалобна шумяць тут

Бярозкі белыя

Побач са стэлаю,

Побач са стэлаю.

Крыж мімаволі жагнае рука…

 Слова складзена з болю:

Хо-да-раў-ка…

Нэлі Бяляўская, 14.07.2012

          Пра трагедыю ва ўрочышчы Ходараўка таксама ўспамінае Божалка Вітольд Станіслававіч, былы кінамеханік вёскі Дзядкі. Яго ўспаміны змешчаны ў кнізе “Памяць”. [5, с 292 - 294]

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.