Ветэран Вялікай Айчыннай вайны
Уладзімір Васільевіч Бурдыка
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Васільевіч Бурдыка распавядае:
-Нарадзіўся я ў 1927 годзе ў лясной вёсачцы Замошша Ушацкага раёна Полацкай вобласці (цяпер Віцебская). Дзяцінства праходзіла ў маляўнічай мясцовасці: лясы, лугі, возера. Быў грыбніком, рыбаком. З раніцы да вечара знаходзіўся на возеры ў летні час. У зімовы катаўся на каньках, лыжах, санках.
Скончыў 6 класаў, і пачалася вайна. Неўзабаве ўбачыў немцаў - страшных, раззлаваных, незразумелых. Спачатку яны збіралі яйкі, алей. Насельніцтва не ўяўляла, што гэта хадзілі забойцы, карнікі, якія палілі мірных людзей, дзяцей, старых.
У лясах ужо былі партызанскія атрады з савецкіх ваеннапалонных, цудам ацалелых ад фашыскіх куль, мясцовага насельніцтва пад кіраўніцтвам партыйных камітэтаў, сфарміраваных у першыя дні вайны.
Немцы ўмацавалі ваенныя гарнізоны. Бліжэйшыя ад маёй мясцовасці былі ў Лепелі і ў раённым цэнтры Ушачы. Дзень і ноч гарэлі вёскі, штабнавалі кулямёты. Дайшла чарга і да нашай вёскі. Да таго часу наша сям’я была партызанскай. Пайшоў у партызанскі атрад мой старэйшы брат. Мне ішоў 14-ты год. Аднойчы з раніцы пачулі нямецкую стральбу, з-за павароту па накірунку нашай вёскі паказаліся карнікі. Быў люты 1942 года. Я верхам на кані паскакаў у лес да партызанаў. Спыніў мяне партызанскі патруль, дапытаў і павёў да камандзіра. Партызаны мяне накармілі, абагрэлі ў зямлянцы, апранулі ў што прыйшлося. Спачатку быў на пабягушках, дапамагаў кухару. Вучылі страляць, працаваць з нажом. Потым сталі пасылаць у разведку. Было страшна. Шмат разоў бачыў, як у паветра ляцелі з агнём і дымам цэлыя склады са зброяй і немцамі. Гэта была наша вялікая радасць, наша маленькая перамога. Словам, кожны дзень хадзіў па краі жыцця. Часта думаў у роспачы: “Я жывы ці не?”
Самым напружаным момантам была аперацыя “Прарыў” недалёка ад гарадскога пасёлка Ушачы.
Неўзабаве падаспелі войскі рэгулярнай Савецкай Арміі, да якіх далучыліся партызаны, і Беларусь была вызвалена. Я ў 16 гадоў прызыву не падлягаў. А ў гэты час праз пасёлак ішла артылерыйская калона. Выхад: ускочыць на машыну вайсковай часці (я меў партызанскі дакумент) і прасіцца на фронт. Мяне ўзялі ў артылерыю, вызначылі трэцім падносчыкам снарадаў. І так я дайшоў да Одэра.
Баі, стральба, танкі, гарматы, самалёты. Успамінаць няма сіл. Вайну скончыў на нямецкай зямлі. За ваенныя заслугі атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і шматлікія медалі.
Пасля Перамогі служыў пад Кобрынам у авіяцыі 8 гадоў тэрміновай службы.
Пасля заканчэння службы ў 1952 годзе паехаў да брата ў Докшыцкі раён.
Мяне накіравалі на працу настаўнікам фізічнай культуры і ваеннай справы ў Параф’янаўскую школу. Вучыўся завочна. Працаваў у Сітцаўскай, Заборцаўскай школах. Стаў дырэктарам Заборцаўскай школы.
Разам з жонкай Ядвігай Іосіфаўнай аддалі прафесіі настаўніка па 38 гадоў. Сталі паважанымі людзьмі.
Пра сябе Уладзімір Васільевіч кажа: “Не магу без працы, рукі самі цягнуцца да зямлі. Працаваць буду, пакуль б’ецца сэрца…”https://sitzy.schools.by/photoalbum/431236
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны
Лакуцэвіч Кацярына Цімафееўна
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Лакуцэвіч (Зябко) Кацярына Цімафееўна жыве побач з намі з 1953 года.
Цікавая, усмешлівая жанчына з радасцю і гумарам сустракае сваіх “шэфаў”, заўсёды сардэчна гутарыць з імі, дзеліцца ўспамінамі, бывае, што просіць прабачэння за вельмі сціслыя адказы, бо ўспаміны настолькі цяжкія, што не заўсёды на такія размовы хапае сілы.
Кацярына Цімафееўна мае пасведчанне ветэрана вайны, медаль “За адвагу”, медаль Жукава, ордэн Айчыннай вайны, юбілейныя медалі, знак “Ветэран вайны 1941 – 1945”.
Каця Зябко ў партызаны трапіла ў дванаццаць год. Так маці ратавала дачку ад фашыстаў, якія жорстка помсцілі сям’і за сына-партызана. Восенню 1942 схапілі і расстралялі бацьку, Пётр ужо быў у лесе. Перапуджаную да смерці жанчыну з маленькім дзіцем ніхто з вяскоўцаў не хацеў пускаць начаваць, баяліся.
Ратаванне прыйшло ад Пятра, які, дачуўшыся пра бацьку, заскочыў у вёску, калі ішоў на чарговае заданне. Ён загадаў родным ісці ў лес, паказаў дарогу. Праз ноч маці з дачкой апынуліся ў лагеры брыгады Лявонава.
Лагер нагадваў вёску. Тут былі свае вуліцы, плошча, зямлянкі, лазарэт, кузня. У брыгадзе сям’я Зябко прабыла да лютага 1944. Калі з лесу Каця з маці трапіла ў эвакуацыю (іх пераправілі на самалёце за лінію фронту), то доўгі час не магла ніяк прызвычаіцца да звычайных дамоў, вуліц, людзей, да таго, што не трэба баяцца. Разам з наступаючымі часцямі вярнуліся на Беларусь у сваю вёску Лазукі, што ў Чашніцкім раёне.
У партызанах брат Пётр Зябко служыў у брыгаднай разведцы. Стала хадзіць у разведку і яго маці, а з ёй і маленькая Каця. На жанчыну з дзяўчынкай немцы менш звярталі ўвагі. А потым надышоў час і самой Каці. Разам з крыху старэйшай сяброўкай яны хадзілі па вёсках і выглядалі, дзе ў немцаў кулямёты і колькі іх. Калі іх затрымлівалі, то яны расказвалі пра цётку ў суседняй вёсцы, да якой яны ідуць, бо больш у іх нікога няма. Гэта спрацоўвала. Смерці не баяліся, баяліся трапіць у палон, бо ведалі па расказах, як катуюць партызан. Калі быў знішчаны нямецкі гарнізон у вёсцы Ветны, куды на разведку хадзілі дзяўчынкі, радасці іх не было мяжы. Хацелася думаць, што і яны ўнеслі ўклад у разгром ворага.
Самы страх быў у блакаду. Кацярына Цімафееўна ўспамінае, што фашысты рабілі тады паветраны налёт. Здавалася, што зямля гарэла пад нагамі. Шмат людзей загінула, многа было параненых. Усе падрыхтаваліся да смерці, але групу, дзе была Каця з маці, вывеў з акружэння па патаемных балотных і лясных сцежках ляснік. А потым яна ўбачыла савецкі самалёт У-2 і вясёлага лётчыка, які сам пасадзіў Кацю ў самалёт, бо надта яго здзівіла, што гэта худзенькае маленькае дзяўчо таксама партызанка.
Пасля вайны Кацярына вывучылася на настаўніцу і ў 1953 годзе прыехала працаваць у Сітцаўскую школу. Родныя, калі яе адпраўлялі, вельмі хваляваліся, як яна зможа паладзіць з людзьмі з былой Заходняй Беларусі, дзе адразу пасля вайны ў лясах хаваліся памагатыя немцаў. Але нічога. Паладзіла. Толькі не расказвала нікому, нават мужу, пра сваё партызанскае мінулае, бо не раз даводзілася чуць, што ў гэтым краі немцы, маўляў, не так зверствавалі, бо не было партызан, якія ім шкодзілі. І толькі ў 1968-м яна адважылася і расказала свайму першаму выпуску пра тое, як малая хадзіла ў разведку. Дзесяцікласнікі слухалі яе, стаіўшы дыханне, а потым ганарыліся ёй, як жывой гераіняй.
На сваю малую радзіму яна так і не вярнулася. Сітцы сталі для яе другім домам.
Вочы былой партызанскай разведчыцы свецяцца асаблівым цяплом і сардэчнасцю. Яна ніколі не сумавала ў лесе і потым у жыцці За гэта яе любілі тады і паважаюць цяпер.
Малалетні вязень Ліпчык Марыя Іосіфаўна.
Памяць сэрца
Мая бабуля Ліпчык Марыя Іосіфаўна нарадзілася ў 1928 годзе. У сям’і было сямёра дзяцей. Бацькі працавалі ў калгасе. Калі Марыі Іосіфаўне было 10 гадоў, памёр бацька. Яна добра запомніла апошнія словы бацькі, якія ён казаў свайму брату:
-Дапамажы падгадаваць Марыю і Валодзю.
Валодзя – самы малодшы ў сям’і з дзяцей. І вось дзеці засталіся без бацькі. Маці часта хварэла, таму ўсю работу па гаспадарцы даводзілася выконваць дзецям. Нялёгкае дзяцінства было ў маленькай Марыі. Але наперадзе яе чакалі новыя выпрабаванні лёсу.
Пачалася Вялікая Айчынная вайна. 1943 год… Марыі Іосіфаўне ішоў 14 год. Аднойчы ўлетку іх сям’ю, як і многія іншыя, выклікала да сябе ў раён (у Докшыцы) нямецкае начальства. Як паехала Марыя з мамай, так ужо дамоў і не вярнулася. Мама крычала, плакала, прасіла. Каб яна не перашкаджала, яе заперлі ў хляве. А Марыю разам з іншымі пагналі пешшу на станцыю Параф’янава, пасадзілі ў вагоны для жывёлы і адправілі ў Германію. Была Тройца, дзяўчаты ўпрыгожвалі бярозкамі вагоны. А кругом ішла вайна…
Спачатку іх прывезлі ў горад Эрфурт, дзе знаходзіўся размеркавальны пункт. Там моладзь разбіралі так званыя “купцы”. Марыя Іосіфаўна трапіла ў горад Замерда, які размяшчаўся ў 3-х кіламетрах ад Бухенвальда. У гэтым горадзе быў завод будметалаў, дзе з адыходаў рабілі порах. Сюды іх вадзілі пад канвоем на працу на працягу 2,5 год. Калонай па 4 чалавекі. Жылі вязні ў бараках, за калючым дротам, кіламетрах у двух ад завода. Жылі па 20 чалавек у пакоі. Спалі на двух’ярусных ложках. Тут жа ў бараках была кухня, дзе палонныя атрымлівалі ежу па талонах. А калі талон часам згубіў, то застанешся галодным. Раніцай давалі толькі чай, вечарам пасля работы 150 грамаў хлеба і 1,5 літра супу – баланды, у якой плавала неабіраная бульба.
У што апраналіся? На ногі выдавалі “шугі”. Гэта такія драўляныя туфлі. На адзенні абавязкова была нашыўка “Ost”, гэта значыць, з усходу.
Марыя Іосіфаўна памятае песню тых часоў.
Калодкі сціснулі нам ногі,
“Асты” на грудзь нам налегли.
Решетки, тюрьмы, полицаи
От нас свободу отняли.
Из брюквы суп мы получаем,
А деньги старшим отдаем.
И часто-часто так бывает,
Что за этот суп друг друга бьем.
Марыя Іосіфаўна ўспамінае, што аднойчы несла суп. Суп выбілі з рук, хлеб ухапілі. Пайшла да шэфа прасіць супу. Супу даў, хлеба не было.
Маладую, змарнелую Марыю з сяброўкай употай падкормлівала пажылая немка. Хаваючыся, каб, барані Божа, не ўгледзеў ніхто (ні начальства, ні свае!), яна пакідала ў патаемным месцы то яблык, то танюсенькі бутэрброд, то кавалачак хлеба. На час абеду дзяўчаты выходзілі на двор, каб не бачыць, як ядуць нямецкія рабочыя, бо глядзець было невыносна.
Асабліва цяжка было хадзіць пад канвоем на работу і назад праз вялізны яблыневы сад. Як ён цвіў вясной! Якая гэта была прыгажосць! Як хацелася, гледзячы на яблынькі, дадому, у свой сад! Яшчэ большая была пакута ўвосень. Галодным палонным не дазвалялі нават падаліцу падняць з-пад ног. За гэта жорстка збівалі і каралі. Нельга! А вакол асфальтаванай дарогі яблыні аж ломяцца ад яблыкаў! Прыгажосць несусветная! (Дзівіцца сама з сябе, што нават тады заўважала прыгажосць вакол!)
Дзяўчаты ўмудраліся ноччу выбірацца з барака. Пралазілі пад дрот і ішлі ў поле. Збіралі бульбу, якую маглі знайсці, варылі. Аднойчы ў вёсцы ім далі жыта. Пасушылі яго, расцерлі, як сумелі, на муку, зварылі суп. Пяклі яшчэ аладкі з мерзлай бульбы. Аднойчы іх злавіў паліцай. Адабраў усё набытае. Пераводзіла іх гаворку жонка паліцая. Ледзь упрасіліся, каб не выдаваў.
У лагеры, дзе жылі, для зносін з нявольніцамі быў свой перакладчык.
Вызвалялі іх амерыканцы. Таго “шэфа”, які камандаваў дзяўчатамі дагэтуль, і перакладчыка кудысьці забралі. Адпраўкай моладзі дадому займаўся даволі добразычлівы чалавек. Звалі яго таксама “шэф”. Праводзілі медыцынскія праверкі, выяўлялі хворых. Іх адпраўлялі ў асобны барак. Якраз захварэла знаёмая дзяўчына з Альхоўкі. Яе не лячылі, проста памясцілі ў той барак і ўсё. Хварэлі ў асноўным на туберкулёз.
У час дарогі дадому таксама было шмат праверак, розных камісій. Медыцынскіх, так званых “пашпартных”. Бывала, што прыходзілася наймацца на работу, каб хоць неяк пракарміцца ў такой далёкай дарозе. Дабіраліся цяжка. Дзе цягніком, дзе пешшу. Але былі рады: вяртаемся дадому.
Радзіма сустрэла таксама штомесячнымі праверкамі, цяжкімі гутаркамі са следчымі і … таксама нішчымніцай. Па звычцы ела бульбу ў шалупінах, але была рада, што дома. Пакрысе ўсё наладзілася.
Працаваць уладкавалася ў роднай гаспадарцы. Добра, што ацалела хата, ды жывая засталася маці.
Бабуля мае статус “Малалетні вязень”.
Вучні ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна” рэгулярна наведваюцца да бабулі, памагаюць па гаспадарцы. Частыя госці і мы з сястрой Аляксандрай. Хочацца, каб чалавек адчуваў нашу любоў і клопат.