І рамеснік, і цясляр, і творца
Мая Радзіма, мілы мой куточак!
Калыска талентаў і родны край буслоў…
Няхай нішто цябе больш не азмрочыць!
І птушкі хай заўжды вяртаюцца дамоў…
Надзея Верас
Прыгожых, шчырых, адкрытых, таленавітых і працавітых людзей дае краіне докшыцкая зямля. Яны ведаюць яе добрыя традыцыі, прадаўжаюць справы нашых продкаў і сучаснікаў. Сваёй мірнай стваральнай працай, розумам і кемлівасцю пакідаюць сярод землякоў добрую памяць.
Яркім прадстаўніком з’яўляецца наш зямляк - рэзчык па дрэву Будзіч Іван Мікалаевіч. Нарадзіўся Іван Мікалаевіч 22 чэрвеня 1960 года ў вёсцы Парэчча Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1982 г. скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.Кірава. Сваю дыпломную работу абараніў па творы Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Атрымаў запрашэнне на працу ад выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Потым працаваў настаўнікам у Каменскай сярэдняй школе Лепельскага раёна. З 1989 г.- настаўнік мастацкага аддзялення Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Займаецца графікай і разьбой па дрэве. Сам кажа: “Графіка – для душы, разьба па дрэве – для невялікага заробку, які патрэбен на пэндзлі, фарбы, інструменты, драўляныя чуркі”. Ён з’яўляецца ўдзельнікам міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых выстаў. У 1992 годзе адбылася першая паездка ў Германію і выстава работ у Інстытуце Штрайзермана. У 1995 годзе - паездка ў Данію, праца ў школе і выстава работ. У 1998 годзе чарговая выстава работ у Даніі. У 1999-2000 гадах працаваў і выстаўляўся ў Германіі.
Іван Мікалаевіч з задавальненнем прымае ўдзел у пленэрах міжнароднага фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску. І майстэрства яму не займаць… Ён прадаўжае рамесную справу свайго роду. Бацька вельмі любіў сталярнічаць, бабуля катала валёнкі, а Іван Мікалаевіч спраўляецца з цэлым паленам голымі рукамі. Рукі даўно прывыклі да парэзаў і стрэмак, амаль зліліся з інструментам. І дрэва ажыло, загаварыла. “Каронны мой мядзведзь, які мне вельмі падабаецца, магу за тыдзень зрабіць. Тры запраўкі бензапілы - і ўжо абрысы атрымліваюцца гэтага мішкі. Яго можна апрануць у беларускую кашулю, разнастайныя арнаменты. І ён ужо ідзе беларус сапраўдны”, - кажа мастак. Мядзведзь - самы любімы і ласкавы звер для Івана Мікалаевіча. Ён натхняе аўтара сваёй сілай і моцай, стаў захавальнікам хатняга ачага. У калекцыі мастака вялікая колькасць касалапых мішак розных памераў. Побач з майстэрняй знаходзіцца тэрыторыя Бярэзінскага біясфернага запаведніка, але сустракацца з таптыгінымі не даводзілася. Рукамі майстра аформлены Дом прыроды ў запаведніку. Людзі любяць зробленае з душой, эмоцыі рэзчыка перадаюцца праз дрэва. Гэта можна адчуць.
Далёка за межамі нашай краіны яго ведаюць як “мядзвежага маэстра”. Але рамеснік на адным толькі касалапым не спыняецца. Трохметровыя палотны з самымі смелымі сюжэтамі аўтарства Івана Мікалаевіча ў свой час пасяліліся ў Нурсултана Назарбаева, Леха Качыньскага і нават у вышэйшага кіраўніцтва Чачні. Сакрэт поспеху, па словах майстра, вельмі просты і інтэрнацыянальны.
Іван Мікалаевіч - разнапланавы майстар. У яго калекцыі нямала графічных карцін у стылі ню. Работы тонкія, пачуццёвыя, празрыстыя, у якіх няма празмернасцяў.
Сімвал шчасця і ўдачы спадарожнічае тым, для каго рамяство не проста справа, а само жыццё. “Я рады, што, як той казаў, на што вучыўся, там і спатрэбіўся. Іншы раз нейкае бязладдзе, а сюды заходзіш, неяк акунаешся. У мяне такі маленькі-маленькі куток, ідылія такая, што тут можна і пажыць. І вось кавалак бервяна, які проста можна распілаваць і печку прапаліць. А тут - раз - і нараджаецца нейкая скульптура, твор”, - гаворыць мастак.
Таленавіты выкладчык і настаўнік Іван Мікалаевіч мае сваіх паслядоўнікаў. Сын Дзмітрый - добры рэзчык па дрэву, быў у ліку першых стыпендыятаў Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Дачка Аня праявіла свае здольнасці ў кераміцы. Выпускнікі аддзялення выяўленчага мастацтва Лепельскай ДШМ Уладзімір Пашкоў і Анатоль Сімановіч, скончыўшы мастацка-графічны факультэт, як і іх настаўнік, сталі займацца рамесніцкай справай, і ў іх гэта нядрэнна атрымліваецца. “Не абавязкова, каб будучая прафесія была звязана з творчасцю, - лічыць Іван Будзіч. - Галоўнае, каб набытыя навыкі ў школе мастацтваў, дапамагалі тонка адчуваць свет, разнастаіць жыццё. Заўсёды ў цане былі людзі з рукамі. І калі я кагосьці навучыў майстэрству, то адчуваю ад гэтага прыліў сіл і задавальненне”. Так Іван Мікалаевіч праслаўляе сваёй творчасцю родны край.
Да дня нараджэння Сітцаўскай сярэдняй школы была прымеркавана сустрэча з яе выпускнікамі “Скарбы роднага краю”, якая падвяла вынікі Года гістарычнай памяці. На сустрэчу з вучнямі прыйшлі ўдзельнікі ансамбля народнай песні “Прызбачка”, мясцовая паэтка М.Б.Ючкавіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ф.Палачанін. Прысутныя даведаліся пра творчасць мастака і паэта Ф.Ястраба, разьбяра па дрэве І.Будзіча, які да апошняга збіраўся прыехаць. Цёплая, шчырая атмасфера панавала ў зале. Гучныя апладысменты гучалі ў адрас выступаючых. Былі і пажаданні, і словы падзякі, і падарункі.