Візітка музея
https://s3-minsk.cloud.mts.by/datastorage/sitzy/library/візітка_музейнага_пакоя.pptx (прэзентацыя)
https://drive.google.com/file/d/1Pj790XKY6Oas3LK7Lbjk3u5vn2WbtdPN/view?usp=drivesdk (відэаролік)
Добры дзень!
Запрашаем на сустрэчу
У музейны наш пакой!
Тут багата розных рэчаў,
Ад іх вее даўніной.
На пачэсным месцы самым,
Дзе чырвоны кут, -- абраз:
Вера прадзедаў таксама
Ушаноўваецца ў нас.
Сноп на покуці як сімвал
Працавітых рук людскіх.
Каб зямля заўжды радзіла,
Людзі не шкадуюць іх.
Бохан хлеба.Ён галоўны
На стале заўсёды ў нас.
З ім не будзеш ты галодны
Ні ў стары, ні ў новы час.
Вось ён на стале, накрыты
Саматканым ручніком.
Як адзнака дабрабыту –
Збан з халодным малаком.
А на сценах – вышыванкі –
Птушкі, кветкі, што здавён
І ў рамках, і не ў рамках,
Што дайшлі да нашых дзён.
Абрусы скрозь вышываны,
І з арнаментам ручнік.
На падлозе – саматканы
У палоску палавік.
А на крэсле самаробным
Кручком вязаны кружок,
І узор на ім асобны,
Яркі, што відаць здалёк.
Што было ў сялянскім куфры,
Нам цікава падзівіцца.
Там адзенне. Не, не футры,
А кашулі і спадніцы.
Вышываныя кашулі --
Знак любові, шанавання.
Вышывалі іх матулі
Як найлепшае убранне.
Ліхтары на керасіне
Даўні час напамінаюць,
Калі цьмяна у хаціне
Лямпы стол той асвятляюць,
А навокал цемнавата,
У кутках ды ля парога.
Так асветленая хата
Выглядае, як нябога.
Вось і стол.На ім – пасуда:
Міскі,лыжкі ды збаны
З гліны, дрэва. Толькі цудам
Захаваліся яны.
Прасы, што за кошт вуголля
Бераглі сваё цяпло.
Дзе такія ўбачыш болей?
Столькі часу ўжо прайшло!
Яшчэ валік і качалка
Жанчын выручалі:
З дапамогай іх памалу
Бялізну качалі.
Людзі іншага не зналі,
І было ім звычна.
Рады мы сягоння з вамі
Мець прас электрычны.
А бялізну ў начоўках
Мылі ўручную.
Гаспадыні надта лоўка
Бралі тарку тую,
Што ім мыць дапамагала.
Над ёй гнулі спіну.
Зараз мыць бялізну стала
Пральная машына.
У дзяжы хлеб рашчынялі.
На хлебнай лапаце
Боханы ў печ саджалі.
Пахла па ўсёй хаце
Свежым хлебам. Гаспадыні
Хлеб той даставалі,
З радасцю і так гасцінна
Усіх ім частавалі.
Ёсць тут жорны. Немалая
Выпала ім роля.
Каб мука была ўдалая,
Зерне ў іх малолі.
Калаўрот, на якім пралі,
Карабы, сявенькі…
Мы ўсяго тут не назвалі.
Выберам дзень нейкі –
Усё чыста вам пакажам.
Прыязджайце ў госці!
Яшчэ больш чаго раскажам
Мы вам, ягамосьці!