Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 81 человек

Легенды і паданні

Дата: 25 марта 2019 в 20:09, Обновлено 25 марта 2019 в 20:21

Родная вёска! Ты – казка жывая.

         Легенды і паданні нашага краю уяўляюць цікавасць не толькі ў гістарычным плане. З філалагічнага боку яны таксама багатыя сваёй каларытнай мовай, займальныя сюжэтам, які падчас уключае ў сябе вымысел і г.д.

         Паданні пра паходжанне назваў вёсак Сітцы і Малыя Сітцы дайшлі да нас ад жыхара в.Рапяхі Норавіча Васіля Іванавіча (1904 – 1980гг.). Апавядальнік прыводзіць дзве версіі паходжання назвы вёскі Сітцы. Сюжэт кожнага падання па-свойму цікавы і пераканальны. А два аповеды (пра Сітцы і Малыя Сітцы) звязаны паміж сабою вобразам гістарычнай асобы – імператрыцы Кацярыны ІІ. Зачын паданняў пра Сітцы напамінае казачны: “даўным-даўно”, “у даўнія часы”.

У першым паданні вельмі да месца той, хто слухаў, правёў параўнанне з купалаўскімі радкамі:

Сонных вёсак шары,

Хат амшалых, як шар…

         Гэта пацвярджае, што хаты ў вёсцы ў той час размяшчаліся па акружнасці, напаміналі шары або круглае сіта. Адсюль Сітцы.

Хочацца яшчэ раз падкрэсліць ролю вобраза імператрыцы, бо як сцвярджаюць паданні, іменна яна падказала або проста дала назву вёсцы : “Гэта Малыя Сітцы”. Сюжэтная сувязь легендаў прасочваецца і ў тым, як просты люд хацеў выказаць павагу Кацярыне Вялікай, як пышна яе сустракалі ў нашых вёсках, нават высцілалі дарогу сітцам. Людзям так хацелася верыць у добрую матухну-царыцу.Але ж наступныя факты няўмольныя.

         Заходняя частка Докшыччыны ўваходзіла ў Мядзельскую воласць, дзе вялікія падараванні атрымаў у 15 ст. трокскі ваявода Багдан Саковіч. У 1485г. яму дасталася астатняя частка Даўгінава. У спадчыну Саковіча, якая належала яго дачцэ Альжбеце, жонцы Мікалая Радзівіла, уваходзілі Ваўкалата, Вешняе, Праходы, Старое Сяло і Сітцы. [3, с.46]

         У 1567г.сярод уладанняў магната А.Ю.Хадкевіча ўспамінаецца двор Сітцы (паміж Ваўкалатай і Порплішчам), які належыў да двара Даўгінава ў той час. [3, с.50]

         Сітцы – назва ландшафтнага характару, зараслі водных сітняг і прыбярэжных раслін – сітнік.

Сітцы

         Даўным-даўно пачалі сяліцца людзі ў нашай мясцовасці. Бедныя хаткі гэтых людзей размяшчаліся ў беспарадку,там і тут, як бы ў выглядзе сіта. Адсюль – Сітцы або Сітца, што можна зразумець як малое сіта.

         Успамінаюцца радкі з паэмы Я.Купалы “Курган”:

         Сонных вёсак шары,

         Хат амшалых, як шар…

         Гэтыя шары напамінаюць, што сапраўды ў той час хаты ў вёсцы размяшчаліся як бы па акружнасці.

         Дык вось, як нам стала вядома ад старажылаў, чарговаму землеўладальніку не спадабалася такое размяшчэнне сялянскіх сяліб, таму што ён па-іншаму планаваў свае зямельныя ўгоддзі. Па яго загаду “непатрэбныя” хаты былі спалены. І ў выніку ў в.Сітцы засталася на час адзіная вуліца, якая зараз называецца “Цэнтральнай”.

***

         У даўнія часы людзі даведаліся, што праз іх мясціны будзе ехаць царыца Кацярына Вялікая. Паколькі гэтыя мясціны былі балоцістыя, было вырашана дарогу, па якой мелася ехаць царыца, высцеліць тканінай – сітцам.

         Праязджаючы, Кацярына ІІ здівілася: “Ваша мясцовасць багата на сіцец!”

         З таго часу вёску пачалі называць Сітцы.

***

         Даўно вядома вёска Малыя Сітцы. А чаму яна так называецца, людзі расказваюць наступнае. Едучы з Пецярбурга ў Вільню, імператрыца Кацярына ІІ праязджала па нашых мясцінах. Каб дагадзіць царыцы, аказаць ёй пэўную ўвагу жыхары Сітцаў сустрэлі яе пышна: выйшлі прывеціць усёй вёскай, чыста і прыгожа апранутыя. Таксама ўбачыла імператрыца ўрадлівыя землі і лесу багата, і сена аж надта.

         А непадалёку ўбачыла Кацярына ціхую вёсачку з некалькіх хат, зараснікам пакрытую. А вакол толькі цёмны лес сінее. На дарогу выйшла ўсяго некалькі чалавек. Паглядзеўшы на гэта, імператрыца сказала: “Гэта Малыя Сітцы”.

                                                        Запісана ад Норавіча В.І., 1904 г.н.

         Наступнае паданне таксама апавядае пра паходжанне назвы вёскі і называецца “Чаму Дзядкі?”. Запісана яна Юковіч Наталляй ад жыхаркі гэтай вёскі Курдзекі Любові Іванаўны. Цікавіць у першую чаргу гутарковая, насычаная каларытнымі выразамі мова. Відаць, што аўтар запісу імкнулася даслоўна перадаць аповед Курдзекі Л.І.: “ Але ўбілася ў сяло – не пры нас спамінаючы, хай яе на сухі лес нясе – халера. Пахварэлі ўсе людзі і сталі паміраць, як мухі ўвосень”. Тут вам і трапныя народныя параўнанні, і фразеалагізмы. Таму паданне чытаецца жыва, з цікавасцю, бо ад яго сапраўды вее гэтай “даўніною даўняю”.

Чаму Дзядкі?

         Было тое так даўно, што нашым дзядам і прадзедам іх дзяды і бабкі апавядалі гэтую гісторыю, як даўніну даўнюю, даўно забытую.

         На гэтым месцы стаяла вялікае сяло. Людзі жылі не вельмі багата, але не тужылі. Але ўбілася ў сяло – не пра нас спамінаючы, хай яе на сухі лес нясе – халера. Пахваэлі ўсе людзі і пачалі паміраць, як мухі ўвосень.

         Засталіся ў вёсцы толькі некалькі старых дзядоў.

         Адсюль і назва – Дзядкі.

                                                        Запісана ад Курдзекі Л.І., 1923 г.н.

Панскія цукеркі

         Памятаецца стары нумар раённай газеты, у якой было надрукавана паданне “Цукеркі”, запісанае членамі краязнаўчага гуртка ад Норавіча Іосіфа Іванавіча (1906 – 1996гг.). Гэта літаратурная апрацоўка, таму перададзены сюжэт у стылі мастацкай публіцыстыкі. Аповед звязаны са знакамітым родам Дамейкаў, якія жылі ў Сітцы і ездзілі ў нядзелю ў Параф’янаўскі касцёл на Імшу Святую. Калі вярталіся з касцёла, то рапяхоўскіх дзяцей частавалі цукеркамі, кідаючы іх на зямлю. Дзеці лавілі на ляту пачастунак і нізка кланяліся.

         Цікава, дынамічна перададзены рытуал такога частавання дзяцей цукеркамі. Летні час, калі гэта адбывалася, названы “цукерачным сезонам”. Дзеці з вёскі Заборцы, якім не даставалася пачастункаў, называлі рапяхоўскіх “абжорамі”. А гэта ўжо прыклад ужывання слоў з эмацыянальна-ацэначным значэннем. Такі, здавалася б, нязначны эпізод малюе яскравую карціну з жыцця людзей да 1939г., калі ў маёнтку Сітцы панавалі Дамейкі, а бедныя дзеці з навакольных вёсак чуць на біліся з-за іхніх цукерак.

Цукеркі

         У нашым дзіцячым свеце “цукерачны сезон” пачынаўся ў канцы мая і заканчваўся ў канцы жніўня. А справы абстаялі вось як. У Сітцах знаходзіўся маёнтак пана Дамейкі. Жыў ён, як правіла, у Вільні або ў іншых месцах. Сюды ж прыязджаў толькі на лета. Ад Сітцаў за тры кіламетры знаходзіўся Параф’янаўскі касцёл. Кожную нядзелю або ў рэлігійныя святы сям’я Дамейкаў ездзіла маліцца. Яшчэ нехта ў продкаў графа завёў такі звычай: частаваць дзяцей цукеркамі. І рабілася гэта толькі ў нашай вёсцы Рапяхі.

         Мяняліся пакаленні ў панскім родзе, аднак колішні звычай захоўваўся моцна. Рабілася гэта так.

         Звычайна ў нядзелю к таму часу, калі паны павінны былі вяртацца з касцёла, уся дзятва была напагатове. Высылаўся, як правіла, “дазор” на ўскрай вёскі. Астатнія выстрайваліся каля сваіх хат. І як толькі дазорны заўважаў на лясной дарозе брычку, запрэжаную парай коней, даваў сігнал: “Паны едуць!”

         Пад’язджаючы да вёскі, фурман загадзя стрымліваў коней, пераводзіў іх на вольны крок. У брычцы сядзела графская сям’я. У руках жанчын або дзяцей быў мяшочак з цукеркамі. Калі брычка параўноўвалася з хлапчуком або дзяўчынкай, тыя здымалі шапку і нізка кланяліся, а ўзамен ляцела на зямлю цукерка. Некаторыя спрытнюгі ўмудраліся схапіць яе на ляту. Гэта вельмі цешыла паноў. Пакуль брычка павольна ехала па даволі доўгай вясковай вуліцы, першыя, хто атрымаў падарунак, што ёсць духу імчаліся па палявойдарозе, якая цягнулася ўздоўж задоў вёскі, на другі яе канец, на хаду скідвалі адзенне (каб не пазналі!) і ўмудраліся другі раз атрымаць цукерку. А каб не было крыўдна, устанаўлівалі чаргу на такі прабег. Спрабавалі да нас далучыцца і дзеці з суседніх Заборцаў. Але дзе там! – мы давалі ім дружны адпор. У адказ на гэта яны далі нам клічку “рапяхоўскія абжоры”

         Але вось у 1939 годзе ўсё змянілася. Паны ў канцы мая зноў прыехалі на сваю сядзібу, але на гэты раз на аўтамабілі. У нядзелю адкрыты аўтамабіль, пыхкаючы, разганяючы курэй і гусей, вёз паноў у касцёл. Як і раней дзеці выстраіліся ўсцяж вуліцы і сталі чакаць сігнала. Нарэшце ён раздаўся: “Паны!”

         Паказаўся аўтамабіль, але паны быццам не заўважалі нас. Так і закончылася наша “цукерачная эпапея”. Але клічка яшчэ доўгі час трымалася за намі.

                                                        Запісана ад Норавіча І.І., 1906 г.н.

Мой меднастволы край лясны

         “Парэцкі край у паданнях, вершаваных апавяданнях” – гэта літаратурная апрацоўка матэрыялу, запісанага ад канкрэтных асоб. Калі разглядаць гэтыя творы ў філалагічным аспекце, то можна адзначыць, што аўтар вершаванага варыянту паданняў Марыя Дзюбак імкнулася перш за ўсё да праўдзівасці і дакладнасці перадачы зместу пачутага. Напрыклад, у паданні “Пра агарод у Сінім бары” мы чытаем пра тое, што аўтару знаёма гэта мясціна, што там і яна ў дзяцінстве збірала лісічкі. Сумежная рыфма робіць аповед пра агарод у лесе лёгкім, набліжаным да народнага.

         “Цагельня – сажалка, дзе была гліна” – аб’ект увагі ў наступным паданні. Здавалася б, ці мала дзе гліна бывае, але ў гэтым месцы яна была асабліва трывалая, таму і згадзілася для будаўніцтва мясцовага касцёла. Апавяданне ў апавяданні – так у нейкай ступені можна назваць сюжэт падання “Цагельня”, бо дзіцячыя ўражанні аўтара ўдала дапоўнены ўспамінамі Шылько Алены Антонаўны, якая ведае, што яе свякроў удзельнічала ў вырабе той моцнай цэглы, з якой пабудавалі Параф’янаўскі касцёл. Так успаміны аўтара пераплятаюцца з успамінамі мясцовай жыхаркі, утвараючы прадуманы сюжэт вершаванага падання. Рыфма перакрыжаваная, стапа трохскладовая, вершаваны памер – дактыль.

         Іншага плану, скажам, паданне “Пра ўдава”, таму што ад зместу яго павявае выдумкай, казкай, міфалогіяй. Адкуль у нашых мясцінах з’явіцца ўдаву? Можа, гэта страх людскі парадзіў такі вымысел? Аднак жа, Шылько А.А. гаворыць пра гэта пераканаўча, прыводзіць імёны сведак, якія бачылі ў нашых краях міфічную істоту. Аповед максімальна набліжаны да народнага. Ужываюцца эмацыянальна афарбаваныя выразы, напрыклад “Ах, каб ён згінуў!”, дыялектныя словы, напрыклад, “браўно”, “кускі”. Сумежная рыфма спрыяе нязмушанасці, лёгкасці апавядання.

         Тое, што засталося ад даўніны, а менавіта разбураныя панскія маёнткі, рэшткі драўлянага насцілу – пераправы праз балота, курганы ў лесе, - усё тое захоўвае нейкія таямніцы, звязаныя з пражываннем ў нашай мясцовасці паноў да 1939г., з вайною 1812г. Так пра накат і маёнтак Станіславова Марыі Дзюбак распавядала яе мама Ючкавіч Софія Іосіфаўна. І гэтыя аповеды ляглі ў аснову аднайменных паданняў “Накат”, “Маёнтак Станіславова”. Аўтар зноў жа імкнецца да рэальнага апісання з мэтай захаваць дакладнасць успамінаў, нічога не прыхарошвае, толькі дае звесткі пра пачутае. Аднак, будучы па натуры лірыкам, Марыя Дзюбак не можа не ўжыць метафар накшталт “гул сівой даўніны”, “ месца нашых дзіцячых мараў”.

         Валатоўкі. Яшчэ адно месца, дарагое сэрцу паэтэсы. Дарагое сваімі ўспамінамі пра маленства, пра школьныя гады, а яшчэ і ўспамінамі старажылаў пра паходжанне ямаў і курганоў у Валатоўках, пра вайну з французамі. Зноў жа тут цесна перапляліся асабістыя ўражанні і ўспаміны сваякоў, таму аповед атрымаўся шчыры,, задушэўны, з выкарыстаннем, як адзначае аўтар, коласаўскай рыфмы.

Парэцкі край у паданнях, вершаваных апавяданнях

Там, дзе ціхая Сэрвач уецца,

         Сіні бор горда ўзняў галаву,

         Добра марыцца, шчыра пяецца.

          Там цудоўныя людзі жывуць.

На прывольных парэцкіх абшарах,

         На прасторах балот і лясоў

         Столькі цудаў адкрыецца, мараў,

         Таямніцаў і казачных сноў.

         Даўніны нашай цені і здані,

         Што схаваліся ў багну даўно,

         Адрадзіліся зноў у паданнях.

         Дык хутчэй жа адчынім акно

         У гісторыю, у самабытнасць.

         Таямніцы пачнём вывучаць,

         Каб пазнаць чалавечую існасць,

         Каб цікавую працу пачаць.

Пра агарод у Сінім бары [5]

         Чула не раз, як гаворыць народ:

         -Пойдзем лісічкі збіраць у Гарод.

         Дзіва якое! У лесе гарод?..

         Дык вось (з той пары ўжо прайшло многа год)

         Жыў там ляснік у той час. У бары

         Была леснічоўка. А лес хоць стары,

         Але быў чысты, дарогі ў ім

         Не зарасталі (касілі ў час).

         Адна з іх вяла ў Парэчча , да нас,

         Другая ў Будзічы – праз балота.

         Яшчэ – ў Кліманцова, куды на работу

         Людзі хадзілі туды, за панамі,

         Рабілі ўручную: жалі сярпамі,

         Касцы там касілі траву на паляне,

         Якая, заросшы, Гародам тым стане,

         Такія яліны там павырасталі!

         Пад імі і мы лісічкі збіралі.

                                      Запісана ад Шылько А.А.

                                                        1923 г.н.

Цагельня

         Кут – гэта луг за вёскай,

         Які ўпіраўся ў балота.

         Многа для нас тут дзівосаў,

         Таму сцяжынкай ахвотна

         Мы беглі хутчэй да цагельні,

         Сажалкі, дзе была гліна,

         Якая ў руках умелых

         Цэглаю стаць павінна,

         Для нас жа, дзяцей, тут забавы:

         Ляпілі розныя цацкі.

         Не было цікавейшай справы,

         Чым з глінаю той займацца.

Гліна была прыдатнай,

         Добрай для будаўніцтва,

Таму для кацёла выдатна

Змагла яна прыгадзіцца.

Таму наш касцёл стогадовы

(Дый больш яму за стагоддзе!)

Сёння стаіць як новы.

Яшчэ ўспомніць тут не шкодзіць,

Што гэту каштоўную цэглу

Былі ахвотнікі ўкрасці,

Таму было так патрэбна

Ставіць на ёй пячаткі.

Маёй свекрыві работа

Якраз і была у гэтым,

Рабіла яе з ахвотай,

Бо так патрэбна свету,

Людзям, малым і дарослым,

Вера ў магутнага Бога,

У кожным выпадку просім

Яго святой дапамогі.”

                            Запісана ад Шылько А.А.

                                               1923 г.н.

Пра ўдава

         У бары, у глухіх яго сутарэннях,

Адбываліся розныя з’явы, здарэнні.

         Ішлі раз жанчыны ў лес у траву,

         Ды не ведалі, што тут удавы жывуць.

         З лесу выходзяць, глядзяць: бервяно

         Ляжыць пад нагамі, але ж не відно

         Было яго там, як да лесу ішлі.

         Нагой дакрануліся, а яно

         Як скокне, падскокне тое “браўно”!

Так напужаліся мама з Аміляй,

Што і мяхі з травою згубілі.

Яшчэ таго ўдава бачыў ляснік,

Падумаў адразу, што сын, можа, сніць:

Удаў акруціўся вакол асіны,

Доўгі ды тоўсты. Ах, каб ён згінуў!

Касіў раз траву мой сусед Антон,

Касой зачапіў таго ўдава, а ён

Як стаў падскокваць ды выгінацца,

Ды за касу хвастом шэрым чапляцца.

Парэзаў касец яго на кускі,

Паклікаў людзей: “Паглядзіце які

Удаў тут завёўся! Якое дзіва!

Не ўбачыўшы, як бы паверыць маглі вы,

Што ў нас тут жывуць во якія ўдавы.”

Ну, сапраўды, дзівосныя справы.

                                      Запісана ад Шылько А.А.

                                                        1923 г.н.

                   Накат

         Парэчча, Вайтовічы, Станіславова…

         Колькі назваў ёсць адмысловых!

         Хоць Парэччаў мы ведаем шмат,

         Ды не кожнае мае накат.

         Што, спытаеце, гэта такое?

         Ад старэйшых я ведаю тое,

         Што даўным даўно тут баі ішлі,

         Пераправу войскі вялі

         І качалі (каталі) бярвенне,

         Засталося здаўна, на здіўленне,

         Тое моцнае збудаванне.

         Па балоце ідучы, як станем

         На яго, то адчуем, што грэбля

         Збудавана была, як патрэбна.

         Нездарма ж маглі людзі на конях

         Тады ездзіць па ей, а сягоння

         Па накаце прайдзіце – і самі

         Вы адчуеце пад нагамі

         Гул сівой даўніны. Тут у святы

         Людзі ехалі ў Ваўкалаты

         Напрасткі, каб хутчэй, да касцёла,

         Бо далёка ехаць наўкола,

         Праязджаць трэба многа вёсак,

         Па накаце ж – зручна і проста.

                                      Запісана ад Ючкавіч С.І.

                                                        1932 г.н.

Маёнтак Станіславова

         Мне пачуць было дзіўна і нова

         Пра маёнтак Станіславова,

         Уладанне паноў Азямблоўскіх.

         Ліпы ў рад там пасаджаны, проста,

Яшчэ рэшткі старой агароджы –

Толькі гэта ўказваць можа

Што жылі тут паны сярод поля,

Што вучыліся дзеці ў школе.

У маёнтку была збудавана,

Сямігодкаю нават названа.

Ля дарогі і зараз – амшара,

Месца нашых дзіцячых мараў,

Дзе грыбы і чарніцы збіралі,

Пра маёнтак, што побач, казалі:

         -Пойдзем, шчаўе там пазбіраем,

         Можа, бэзу яшчэ наламаем.

         У Вайтовічы ў школу хадзіла,

         І было спачатку мне дзіўна,

         Што завецца яна не Вайтоўскай,

         А чамусьці Станіславоўскай.

         Распытала пра гэта ў мамы я.

         Аказалася, што тая самая

         Школа даўняя, Станіславоўская

         У Вайтовічы перабралася.

         Так і назва яе захавалася.

                                      Запісана ад Ючкавіч С.І.

                                                        1932 г.н.

Пра Валатоўкі

         Хадзілі мы ў школу праз лес Валатоўкі.

         Душу саграваюць тыя ўспаміны…

         Зімою ў ямы снежныя лоўка

         Таўхалі адны другіх без прычыны,

         Хіба што толькі для жартаў ды смеху.

         Яшчэ мы ўзбіраліся і на пагоркі.

         Не ведалі, можа, што ўсё гэта – рэха

Часоў ваенных, трагічных і горкіх.

Могілкі. Надпісы на каменні,

Што ўжо ад часу пакрыліся мохам –

Гэта ж усё – мінулага цені,

Што стала гісторыяй, часам далёкім.

У курганоў тых свае таямніцы.

Гавораць, нібыта тут пахаваны

Французы, няпрошаныя чужынцы.

Помнікамі афіцыйна названы

Тыя “пагуркі”, як іх называе

Цётка Гелена, што ведае многа,

Ахвотна пра гэта апавядае:

-У Кліманцова вяла дарога.

Тут, недалёка, ля самага поля,

У лесе – гара. Як яе раскапалі,

Дзівіліся доўга, спрачаліся ўволю:

Што ж за асілкаў тут колісь хавалі?

А гэта было відаць па шкілетах,

Доўгіх касцях, чарапах вялікіх.

Толькі ўспамін той не для паэта!

Грошай замежных знайшлі тут без ліку.

Каля гары той – старая ляшчына,

Якую і памяць мая захавала.

Не ведаю толькі, з якой прычыны

Ноччу тут, кажуць, свечка блішчала.

А на магілачках, пад Кліманцова,

Людзі раней не раз бачылі зданні, -

Дзяўчыну ў блакітным адзенні. Нанова

Так перадаць мне ўдалося паданні,

Што ад мясцовых людей я пачула,

Што зацікавілі, усхвалявалі,

Нібыта ў мінулае зазірнула.

Вельмі хачу, каб вы іх прачыталі,

Бо ўсё, што адметна ў парэцкім краі,

Краі паданняў, легенд-таямніцаў,

Гэта ўсё ў вершах сваіх апяваю,

Гэта ўсё помніцца, гэта ўсё сніцца.

                            Запісана ад Шылько А.А., 1923 г.н.

Аб прыгожым каханні

         Асаблівасці ўвагі ў нашым даследванні заслугоўвае паданне “Кліманцоўская прыгажуня”, запісаная ад Матошкі Франі Казіміраўны (1915 – 1998гг.) Пачутая аднойчы, яна знайшла сваё ўвасабленне і ў паэме Марыі Дзюбак, і ў трагедыі таго ж аўтара, і ў нарысе “Падарожжа ў мінулае”, які напісала Таццяна Вайцяховіч. Зразумела, што літаратурныя апрацоўкі не данеслі да сённяшняга чытача самабытнасць мовы Франі Матошкі, але ўсе гэтыя варыянты па-свойму цікавыя, таму вартыя ўвагі.

         Класічны сюжэт “любоўнага трохвугольніка” пераасэнсоўваўся аўтарам і ў прозе, і ў паэзіі, і ў драматургіі. А сюжэт наступны. Паненка Мар’яна, “незвычайнай прыгажосці дзяўчына”, кахае паніча з Вільні Юрыя, але бацька яе, пан Кліманцоўскі, хоча аддаць дачку замуж за багатага суседа, пана Казіміра Падгайскага. У час прыгожага, пышнага балю супернікі сварацца з-за танца, які дзяўчына паабяцала аднаму, а пайшла танцаваць з другім. Пан Падгайскі выклікае на дуэль пана Юрыя. Развязка трагічная. Малады віленскі паніч гіне на дуэлі. Мар’яна ў роспачы. Прыязджаюць з Вільні бацькі каханага, абвінавачваюць ва ўсім Мар’яну. Боль страты і пачуццё віны даводзяць дзяўчыну да самагубства: аднойчы яе цела знайшлі ў Сэрвачы.

         Калі параўнаць празаічную і вершаваную версію “Кліманцоўскай прыгажуні”, то ў перадачы сюжэта ёсць адрозненні хіба што ў час падзей. У паэме баль, які прывёў да трагічнай развязкі, адбываецца на Каляды, а ў празаічным перакладзе – праз некалькі месяцаў пасля Каляд. Мова паэтычнага ўвасаблення падання больш эмацыянальная, у ёй ёсць дыялог ( задушэўная размова Мар’яны з пакаёўкай Адэляй), гнеўны маналог пана Казіміра, які выклікае суперніка на дуэль. Але лірычныя адступленні або развагі аўтара тут адсутнічаюць, бо мэта яго ўсё тая ж – дакладна ўзнавіць трагічныя падзеі.

         Цікавую і карысную працу правяла Марыя Дзюбак, узяўшыся за драматычнае ўвасабленне вядомага падання пра кліманцоўскую прыгажуню. Чаму карысную? Таму, што гэту трагедыю з задавальненнем рэпеціравалі, а затым паказвалі і на школьнай, і на раённай сцэне ўдзельнікі драматычнага гуртка. Яшчэ і таму карысную, што, убачыўшы тыя далёкія падзеі ў выкананні сваіх аднагодкаў, вучні больш яскрава ўявілі сабе і маёнтак Кліманцова і тое, што ў ім некалі адбывалася.

         Разглядаючы, на колькі п’еса адпавядае жанру трагедыі, можна пераканацца ў тым, што тут захаваны, як кажуць, усе законы жанру. Трагедыя падзелена на два акты, акты – на з’явы. Хоць аўтар прызнаецца, што гэта была яе адзіная спроба ўвасобіць паданне ў драматычным жанры, аднак прэм’ера яго ў нашым Доме культуры выклікала дружныя апладысменты.

         У пачатку і ў канцы паказу чытальнік дэкламуе шчырыя, лірычныя радкі пра наш родны Докшыцкі край, пра маёнтак Кліманцова. Дзеянне ж пачынаецца сцэнай рамантычнага спаткання закаханых Юрыя і Мар’яны. Мова герояў, інтанацыі гавораць аб іх шляхетнасці, начытанасці, аб іх узвышаных пачуццях. Пасля растання з панам Юрыем Мар’яна сумуе, ёй хочацца, каб хтосьці зразумеў яе самоту, падтрымаў яе. Дзяўчына давярае свае душэўныя таямніцы пакаёўцы Адэлі, амаль сваёй аднагодцы.

         Сцэна размовы пана Кліманцоўскага з панам Казімірам вытрымана ў больш рэалістычным плане, з элементамі гумару. У час балю, калі танец, які належаў пану Падгайскаму, Мар’яна пайшла танцаваць з Юрыем, з вуснаў разгневанага пана зрываюцца словы іроніі, абразы, гневу: “У ім спрыту, як у маім ганчаку. Скача, як сабачка да году. Ці не так, панове?” Мова герояў індывідуалізаваная, ва ўсякім выпадку Марыя Дзюбак імкнулася да гэтага. Перад смерцю Мар’яна гаворыць, як бы разважаючы сама з сабою: “Што маё жыццё? Каму яно патрэбна? Няма таго, кім я жыла, аб кім марыла. Ды я ж, можа, сама яго і пагубіла! Ах, які быў прыгожы той танец!.. Як лёгка мне было побач з ім, як пушыначцы ў моцных абдымках! Лёгка-лёгка, як у абдымках гэтых лагодных хваль, якія занясуць мяне да яго. Іду, іду, любы мой!”

         Заканчваецца і паданне, і п’еса тым, што на магілках пану Казіміру з’яўлялася здань: дзяўчына ў блакітным адзенні. Перавага трагедыі перад проста аповедам або паэмай у тым, што вобразы і трагічныя падзеі ўяўляюцца больш яскрава пры паказе іх на сцэне.

         Напрактыцы яшчэ хочацца ўспомніць нарыс “Падарожжа ў мінулае” Вайцяховіч Таццяны,удзельніцы краязнаўчага гуртка. Тыя ж самыя разваліны старога панскага маёнтка дзяўчына ўбачыла, пайшоўшы са сваёй бабуляй Янінай у ягады. І пачула ад яе тую ж самую гісторыю пра кліманцоўскую прыгажуню. Аповед бабулі перанёс дзяўчынку ў мінулае.

         Мінулае і сучаснасць. Яны непадзельныя. Ёсць пачатак і ёсць працяг. Ёсць росная летняя раніца, калі дзяўчынка едзе на веласіпедзе ў госці да сваёй бабулі ў суседнюю вёску Лісавічы. А калі паездка нечакана ўзбагачае яе, дорыць не толькі паўнюткі кошык ягад, а (што самае важнае) дорыць гісторыю, прыгожае паданне пра нешчаслівае каханне.

Кліманцоўская прыгажуня

         Было гэта ў той час, калі на нашай зямлі панавалі польскія магнаты. Непадалёку ад майго роднага Парэчча, за нейкія кіламетры два ад яго, размяшчаўся панскі маёнтак Кліманцова. Цяпер ад яго засталіся толькі адны разваліны. Аднак цэгла, з якой былі складзены старадаўнія пабудовы, не страціла сваёй былой трываласці, таму жыхары навакольных вёсак да цяперашняга часу бяруць яе тут для сваіх патрэб.

         Прывабная мясціна – былы маёнтак Кліманцова. Стройныя клёны, ліпы, бярозы акружаюць дарогу, па якой некалі пад’язджалі сюды панскія брычкі і экіпажы. Поле, лугі, далей балота, якое пераходзіць у лес Валатоўкі. Вузкая сцежка, якая блукае каля кустоў, у чаратах, прыводзіць да ракі Сэрвач, даволі шырокай і глыбокай у гэтых мясцінах. Праз рэчку кінуты зыбучы драўляны масток, па якім ходзяць у грыбы і ягады.

         З гэтымі мясцінамі звязана вось якая гісторыя. Была ў Кліманцоўскага пана дачка, казачнай прыгажосці дзяўчына. Звалі яе панна Мар’яна. Пан Казімір з суседняга маёнтка часта наведваўся ў Кліманцова, бо не мог вачэй адвесці ад прыгажуні Мар’яны. Аднойчы ён прызнаўся ёй у каханні, але дзяўчына сціпла прамаўчала, адвяла ўбок свае вочы, блакітныя і бяздонныя як неба.

         У Мар’яны была свая сардэчная таямніца, якой паненка падзялілася з пакаёўкай Адэляй:

-Добра табе, Адэлечка, бо ты – вольная птушка, ніякія сумненні цябе не мучаць. Працуеш вось і спяваеш. А ў мяне цяжка на душы. Я нікому не казала, а толькі табе скажу па сакрэту, што трывожыць маю душу. Мяне кахае пан Казімір, а маё сэрца і думкі заняты панам Юрыем. Памятаеш, на мінулыя Каляды прыязджаў да нас госць з Вільні, малады ды статны. Табе ён таксама вельмі спадабаўся. А я з той пары не маю ні сну, ні спакою. Усё думаю аб ім.

         Адэля толькі ўздыхнула, падумаўшы: “Мне б твае клопаты; начыталася французскіх раманаў…”

         Праз некалькі месяцаў у маёнтку быў пышны баль: святкавалі дзень паўналецця панны Мар’яны. Наз’язджалася многа багатых гасцей, і сярод іх быў пан Юрый. І, канешне, суседні пан Казімір. Абое з хваляваннем паглядалі на кліманцоўскую прыгажуню, якая ў дзень свайго нараджэння была прыгожая, як казачная каралеўна, у белым пышным плацці, расшытым жэмчугам і бліскучымі карункамі. Пан Юрый запрасіў яе на мазурку, не ведаючы, што Мар’яна паабяцала танец пану Казіміру. Той затаіў крыўду, не мог глядзець, як Юрый у танцы абдымаў тонкі стан дзяўчыны.

Выпіўшы з гора, ён падышоў да групы маладых гасцей і стаў з імі сумыслу на ўвесь голас гаварыць абразлівыя словы на свайго саперніка, і тыя гучна смяяліся. Не вытрымаўшы абразы пан Юрый выклікаў пана Казіміра на дуэль.

Развязка падзей была хуткая і трагічная. На дуэлі загінуў Юрый, чыйго кахання так прагнула сэрца дзяўчыны.

Жыццё страціла ўсялякі сэнс. Дзяўчына-краса стала сумнай і задуменнай. У адзіноце блукала па палявых сцяжынках, па могільніку, які быў на ўзлеску. Часта сядзела на зыбкім мастку. Аднойчы яе цела знайшлі ў Сэрвачы.

З той пары засталіся ўспаміны аб незвычайных з’явах. Кажуць, што бачылі людзі не раз: у кусце ляшчыны паблізу могілак гарэла свечка, а пану Казіміру там з’яўлялася здань: дзяўчына ў блакітным адзенні плыла над магіламі.

                   Кліманцоўская прыгажуня

У Кліманцове сягоння

         Мала хто нагадае

         Аб тых былых панскіх пакоях,

         Мо: толькі капліца старая,

         Дакладней, рэшткі капліцы,

         Фундаменты збудаванняў,

         Дубам старадаўнім сніцца

         Тое, што стала паданнем.

         Свякроў нашай Франі Матошка

         Была ў паноў пакаёўкай.

         Казалі ўсё: - Прошэ, прошэ…

         Яна ўсё выконвала лоўка,

         Зграбна, умела і з густам.

         Была ў паненкі ў пашане.

         Калі на душі сумна, пуста,

         То з кім падзяліцца Мар’яне,

         Як не з пакаёўкай Адэляй.

         Мар’яна ёй давярала.

         Прыйшоўшы са службы касцельнай,

         Так прыгажуня казала:

         -Выдаць мяне хоча тата

         Замуж за пана суседа,

         За Казіміра, бо ён багаты,

         Будзе хутка ў маёнтку бяседа –

         Свята майго паўналецця.

         Я так яго доўга чакала!

         Таго, што найлепшы ў свеце,

         У госці да нас запрашала,

         -Каго ж? – Адэля пытае, -

         Ці не пана Юрыя з Вільні?

         Паненка Мар’яна вочы ўздымае

         Здзіўлена і так нявінна:

         -Каго ж, як не Юрыя! Ён жа,

         Прыгожы, адукаваны,

         Любой сэрца заварожыць,

         Ён – мой адзіны абраннік…

         Іхняя тая размова

         Стала для іх сакрэтам.

         …Марозны ранак зімовы.

         Каляды. І свята гэта –

         Цудоўны дзень нараджэння

         Лясной красуні Мар’яны.

         Разасланы даўно запрашэнні

         На баль шыкоўны і слаўны.

         Нават распісаны танцы,

         Якія яна з кім танцуе,

         У беласнежным плацці

         Гасцей прыгажосцю чаруе.

         А вось Казімір і Юрый.

Абое дзяўчыны варты.

Іграе аркестр мазурку,

А імянінніца жартам

Ідзе танцаваць з панам з Вільні,

Хоць танец другому належаў.

Казімір злуе: – Не павінен

Парушыць прыстойнасці межаў

Ніхто! Як ён танцуе, гляньце!

Нібыта ганчак да году!

Сябе не дазволю я ганьбіць,

Свайго дваранскага роду!

-Пан Юрый, прашу задаволіць

Зараз жа выклік: “К бар’еру!”

Не будзеш ты тут сваволіць,

Будзеш ты ведаць меру

Прыстойнасці!” – І сышліся

Яны на раптоўнай дуэлі.

Хоць іх памірыць узяліся

Госці, ды не сумелі.

Развязка была трагічнай.

Віленскі пан загінуў.

-Любы, устань! – сэрца кліча.

Стала красуня прычынай

Смерці хлопца маладога.

Едуць бацькі яго з Вільні.

Ніхто не чакаў такога.

Хто адказаць павінен

За страту адзінага сына?..

Сыночка ў труне забралі

Ў маёнтку жалобы зацішша.

Рэха самотнага балю

Вецер сцюдзёны калыша.

Мар’яна стала маўклівай,

Да ўсіх і ўсяго безуважнай

А час, як была шчаслівай,

Успамінаць ёй цяжка.

Вясна. Усё вакол расцвітае,

Весела птушкі шчабечуць.

Мар’яна ў самоце блукае,

Прырода душу ёй не лечыць.

На беразе Сэрвачы ціхай

Сядзіць не раз у самоце.

Адно ж, як кажуць, не ходзіць ліха,

Чуткі такія пайшлі ў народзе:

Знайшлі на дне рэчкі дзяўчыну

Бацькі яе на змярканні.

-Любоў нешчаслівая тут прычынай, -

Гаворыць Матошка Франя.

                            Запісана ад Матошка Ф.К.

                                               1915 г.н.

Вайцяховіч Таццяна

Падарожжа ў мінулае

Нарыс

         Летня росная раніца. Хуценька паснедаўшы, я бяру кошык, саджуся на веласіпед і еду да сваёй бабулі Яніны ў суседнюю вёску Лісавічы. Мы з ёй дамовіліся разам схадзіць у чарніцы ў Сіні бор, што высіцца зялёнай сцяной на тым беразе Сэрвачы.

         На гэты раз наш паход у лес быў асабліва ўдалы. І не толькі таму, што назбіралі поўныя кашы спелых буйных ягад, а і таму, што я пачула ў гэты дзень цікавую гісторыю, звязаную з роднымі мясцінамі.

         Нахадзіўшыся па лесе, перабраўшыся па зыбучым мастку праз Сэрвач, мы прыселі адпачыць непадалёку ад нейкіх развалін.

--- Ведаеш, што гэта за разваліны? – спытала бабуля.

         Я адказала:

--- Раней тут былі панскія будынкі.

--- Так, так, унучка, - падхапіла бабуля. – Гэта былы панскі маёнтак Кліманцова. А названы ён так таму, што ўпраўляючым у ім быў пан Кліманс. Землі ж і будынкі належылі пану Кіякоўскаму. У гэтага пана была адзіная дачка, панна Мар’яна, незвычайнай прыгажосці дзяўчына. У яе, канешне, было многа кавалераў. Часта наведваўся ў маёнтак суседні пан Казімір Падгайскі, які быў моцна закаханы ў Мар’яну. Але дзяўчыне больш па душы быў віленскі пан Юрый.

Аднойчы святкавалі дзень паўналецця панны Мар’яны. Гэты дзень, які пачаўся так урачыста, скончыўся трагедыяй. Супернікі пасварыліся з-за дзяўчыны. Юрый выклікаў Казіміра на дуэль і сам загінуў на гэтай дуэлі. Панна Мар’яна хадзіла задуменная па могільніку, каля рэчкі. Аднойчы яе цела знайшлі ў Сэрвачы.

Кажуць, што потым людзям бачыліся зданні на тым могільніку: то свечка гарэла ў кусце лашчыны, то дзяўчына ў блакітным адзенні плыла над магіламі.

Бабуля раптам змоўкла і сядзела ціха, углядаючыся ўдалячынь, быццам бачачы тое, аб чым гаварыла. І я, дзякуючы яе цікавай гісторыі, быццам на машыне часу апынулася ў тым далёкім мінулым. Зусім па-іншаму глядзела цяпер на гэтыя разваліны, на старыя, закінутыя могілкі, што віднеліся на ўзлеску.

Чароўны скарб

Дзед Ласкаўскі. Хто ён такі? Даведаецеся пра гэта, прачытаўшы легенду з такою ж назваю, запісаную Норавічам Андрэем ад яго бабулі Жалейкі Вольгі Іосіфаўны, 1922 года нараджэння, жыхаркі вёскі Сітцы. Наогул, для вуснай народнай творчасці (казкі, легенды, паданні) характэрны сюжэты пра чараўнікоў, дамавікоў, добрых і злых духаў. А дзед Ласкаўскі з выгляду звычайны чалавек, жабрак, які хадзіў па вёсках, меў незвычайныя здольнасць, многа ведаў, умеў чараваць, але толькі добрае. Ён дапамагаў людзям у бядзе, і памяць аб ім засталася ў народзе. “Што ты усё ходзіш, як дзед Ласкаўскі?” – гэты выраз напомніў мне аднатыпны: “Што ты прыдурваешся, як Іван Станелеўскі?”, бо некалі ў вёску Парэчча прыходзіў чалавек з такім іменем і бегаў за намі, дзецьмі, ці спаў прама на вулачцы, падклаўшы пад галаву шапку. У нас нават такая гульня з’явілася: хто не пабаіцца і разбудзіць Станелеўскага Івана. А той хадзіў з палкай, якую клаў каля сябе, калі спаў, і мог кінуць па кім той палкай.

Так што, сапраўды, сюжэт гэтай легенды тыповы. Даўней жабракі хадзілі па вёсках, прасілі есці, наймаліся пасвіць кароў. А дзед Ласкаўскі мог аддзячыць людзям за іх дабрыню тым, што ўмеў чараваць, вярнуў жонцы мужа. А што тут праўда, а што вымысел – ведае толькі гісторыя.

Дзед Ласкаўскі

         У нашай мясцовасці можна пачуць: “Што ты ўсё ходзіш, як дзед Ласкаўскі?”

         Хто ён такі – дзед Ласкаўскі?

         Вось што рассказала мая прабабуля.

         Даўно гэта было, так даўно, што з памяці ўжо многае сцерлася, але засталося тое пачуццё цеплыні, з якім людзі гаварылі пра дзеда Ласкаўскага. Быў гэта незвычайны чалавек. Пра такіх кажуць “ад Бога”. Хадзіў ён па вёсках са сваёю жонкай. Яны жабравалі. Хадзілі яны заўсёды чысценька апранутыя, заўсёды ветлівыя. Іх ведалі ўсе жыхары навакольных вёсак і ніхто не адмаўляў ім не ў гасцінцы, ні ў начлезе. Быў дзед родам з вёскі Ласкаўшчына, за тое і прозвішча такое атрымаў. Шмат жабракоў хадзіла ў той час па вёсках, але пра іх ужо даўно забыліся, а вось дзеда Ласкаўскага памятаюць. Дзед нічога не бачыў, але меў затое залатое сэрца і веды, за якія ў народзе такіх людзей называюць чараўнікамі. А чалавек гэты чараваў толькі добрае.

Жыла ў адной вёсцы маладзіца з дзвюма маленькімі дочкамі. Бацька гэтых дзяўчынак не быў ёй мужам, толькі так захадзіў час ад часу. Вядома ж якая слава ідзе пра такіх жанчын, часта зусім не справядлівая. Ды й хіба лёгка весці сялянскую гаспадарку без мужа. Карацей кажучы, гаравала небарака.

         І вось неяк на Каляды наведаўся да яе дзед Ласкаўскі. Стала жанчына частаваць іх з жонкай, а між іншым і расказала пра сваю долю. Наліла яна дзеду і чарку, а ён кажа: “Вылі гэту гарэлку назад і дай мне”. Хто ведае, што зрабіў дзед з той гарэлкаю, але, вярнуўшы яе праз некаторы час жанчыне, сказаў: “Чакай!”

         Чакаць прыйшлося нядоўга: да Вялікадня. Прыйшоў да яе каханы, пачаставала яна яго той гарэлкай, і застаўся ён ў яе на ўсё жыццё.

         Кажуць, што не адной пары закаханых дапамог дзед Ласкаўскі.

         Вось такі чараўнік хадзіў па нашым краі. Імя яго згубілася ў гісторыі, але добрыя справы не сцерліся з людской памяці.

                                                        Запісана ад Жалейка В.І. 1922 г.н.

Калі паданне “Цукеркі” апавядае рэальныя падзеі, то паданне “Душа, прададзеная змею”, карані якога ідуць у глыбокую даўніну, бо апавядальнік яе нарадзіўся ў 1864г., прысвечана падзеям фантастычным і напамінае адно з казачных апавяданняў Яна Баршчэўскага. Чалавек корміць змея, а той за гэта дае прыбытак, багацце, носіць яму снапы ў гумно. Аповед вытрыманы ў манеры фантастычнай казкі. Займальны сюжэт, дынамізм развіцця падзей робіць яго цікавым і запамінальным.

Душа, прададзеная змею

         “Унучка, калі ўвечары над лесам убачыш, што ляціць нешта бліскучае, срэбнае, усё ў плямах, яшчэ больш бліскучых, ведай – гэта Змей,” – так у далёкім дзяцінстве гаварыў маёй прабабулі яе дзядуля. Гэту легенду мне рассказала мая прабабуля Вольга, а я раскажу яе Вам. Слухайце.

         Было гэта даўным-даўно ў вёсцы Ямнае. Зараз там лес і толькі дзікія яблыні напамінаюць грыбнікам, што некалі тут была вёска. Жылі і радваліся жыццю людзі. Дык вось у гэтай вёсцы жыў адзін чалавек. Заможна жыў. На зайздрасць суседзям. Апошнія ночы не спалі, усё ламалі галаву – адкуль у яго багацце? І працуе ён не больш за іншых, і скаціны трымае столькі ж, колькі і ва ўсіх, а жыве лепш.

         Аднаго разу наняў гэты чалавек работнікаў, каб абмалаціць збажыну. Абяцаў добра заплаціць. Ахвотнікаў знайшлосяя шмат і ўсіх іх гаспадар наняў. Суседзі дзівіліся: “Што там рабіць такой талацэ? Работы выканаюць на капейку, а заплаціць прыйдзецца рубель!” Яшчэ на досвітку ўзяліся за працу дзесяць дужых мужчын. Здавалася, яшчэ да абеду усё зерне будзе ў свірне, але ж дзе там. На вуліцы ўжо шарэе, а снапы не канчаюцца, нібы іх хто падкідвае. Замарыліся работнікі. Не разумеюць, што адбываецца.

         І вось адзін з іх, самы кемлівы і смелы, вырашыў праверыць гумно. Уважліва агледзеў усё, абышоў па некалькі разоў. І ўжо збіраўся вяртацца да сваіх таварышаў, аж бачыць: на самым версе сядзіць нехта чорны, на ката падобны, і кідае снапы. Узяў смяльчак палку і кінуў у незнаёмца. Той і знік.

         Сабралі работнікі апошнія снапы, змалацілі, забралі грошы ў гаспадара і, ледзь жывыя ад стомы, пайшлі дадому.

         Толькі перад самай смерцю прызнаўся чалавек, што служыў яму змей, бо ўсё сваё жыццё гэты чалавек таксама служыў Змею. У яго склепе быў абведзены крэйдай круг, куды кожны вечар гаспадар ставіў патэльню з яечняй для Змея. За гэта Змей і насіў яму снапы.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.