Большасць з нас, педагогаў школы, нарадзіліся і выраслі ў нашай мясцовасці. Сваё жыццё мы звязалі са школай, са сваёй малой радзімай. Поспехі і перамогі нашых вучняў - гэта не толькі памнажэнне ведаў, але і імкненне захаваць традыцыі і гісторыю роднага краю.
Гэта старонка для тых, хто даражыць сваёй малой радзімай, хто жадае даведацца пра яе больш, хто ганарыцца сваімі землякамі, хто гатовы памнажаць яе набыткі.
Мая вёска
Іду я па вёсцы сваёй. Па Сітцах.
Ці ўсё на яве, ці толькі сніцца?
Цэнтральная вуліца. Родны наш парк.
Павольна паўзе да дуба слімак.
Вецер бушуе. Асіны дрыжаць.
За вёскаю кліча мяне сенажаць.
А я усё іду і іду. Не спыняюся.
На сажалкі панскія заглядаюся.
І марыцца мне, што праз некалькі год
Тут лебедззі будуць вадзіць карагод.
І вось стаю я перад дзіўнай царквою
Перад Георгеўскай, Святою.
Яна да сябе ўсіх людзей запрашае,
А купал яе, нібы зорачка ззяе.
А свет вакол такі неабдымны,
Бо гэта – мая малая радзіма.
Транчэўская Таня
Заходняя частка Докшыччыны ўваходзіла ў Мядзельскую воласць, дзе вялікія падараванні атрымаў у 15 ст. трокскі ваявода Багдан Саковіч. У 1485г. яму дасталася астатняя частка Даўгінава. У спадчыну Саковіча, якая належала яго дачцэ Альжбеце, жонцы Мікалая Радзівіла, уваходзілі Ваўкалата, Вешняе, Праходы, Старое Сяло і Сітцы.
У 1567г.сярод уладанняў магната А.Ю.Хадкевіча ўспамінаецца двор Сітцы (паміж Ваўкалатай і Порплішчам), які належыў да двара Даўгінава ў той час.
Сітцы – назва ландшафтнага характару, зараслі водных сітняг і прыбярэжных раслін – сітнік.
Родная вёска! Ты – казка жывая.
Не ведаю, ява ці сон, можа, сніцца.
Дуб пяты век тут ужо дажывае…
Назва якая прыгожая – Сітцы.
Сітцы.. Рассеяны хаты, як сіта.
Ці, можа, сітнёг гэту назву нам кінуў?
Сітцам дарогу ўсцілалі нібыта
У час, калі ехала тут Кацярына.
Вежы, калоны, брама старая,
Дуб векавечны, царква, агароджа –
Усё аб мінуўшчыне напамінае,
А ўспамін той душу мне трывожыць.
“Літоўская метрыка” 1690г. называе Сітцы Сільцом. А належала яно сям’і Бжастоўскіх, ў канцы 18 ст. яго купіў Тадэвуш Дамейка.
Графы Бжастоўскія пакінулі нам у спадчыну мураваную на ўездзе ў двор браму – помнік архітэктуры малых форм беларускага барока 18 ст. У вежы знаходзіўся драўляны механізм гадзінніка з “зязюляй”, зроблены мясцовым майстрам. Калі біў гадзіннік, сяляне спынялі работу, не брыдкасловілі, а мовілі:
“Радуйся, Марыя”
Хвалілі айца, сына і святога духа.
Аб існаванні палаца ў стыле класіцызму нагадваюць чатыры масіўныя калоны і глыбокія падвалы. У палацавых падвалах захоўвалі разнастайныя дамашнія наліўкі, віны і мяды. А падземныя хады выводзілі людзей у час небяспекі ў прыдатнае месца – астравок на балоце каля Ямнага.
Расказваюць легенду пра няньку, якая ненарокам выпусціла з рук з акна палаца панскае дзіця. Яе гаспадары ў час прыгону пакаралі: жывую закапалі ў яму, а на магіле паставілі вялікі камень. Маўклівай сведкай была толькі старая двуствольная ліпа.
Палац быў знішчаны пажарам і не адбудаваўся. Новая сядзіба ўзнікла без сувязі з былым стылем. Новы драўляны дом быў пабудаваны ў 1830-х гг. і патанаў у вінаградніку. Уладальнікам яго быў тайны саветнік і маршалак Віленскай губерніі Аляксандр Дамейка. Мяркуецца, што іменна тут, у Сітцах, быў сход шляхты велікапанскай. Упрыгожваў сядзібу Дамейкаў каванымі вырабамі мясцовы майстар А.Малаш.
Але найбольшае здзіўленне выклікала памаранчарня – аранжарэя, дзе нават зімой цвілі дурманячыя пахам і чаруючыя прыгажосцю і велічынёй кветкі і экзатычныя расліны. Апошні з Дамейкаў Вацлаў быў лагодны, прыемны, здольны, кемлівы: насякомыя, матылі, мінералы – найдаражэйшыя цацкі былі для яго. Даглядаў аранжарэю Ульян Баравок.
Сітцаўскі парк – узор садова-паркавага мастацтва 17 ст.
На тэрыторыі парка расце дуб-велікан, якому 500 гадоў.
Дубу-волату сніцца былое –
Пяць стагоддзяў жыве на зямлі.
Сніць палац, святло панскіх пакояў,
Паланезаў як гукі плылі.
У цяні дуба гулялі паненкі ў ільняных сукенках, шчабяталі пра нешта сваё, дзявочае, а дуб услухоўвауся, спачуваў, разважаў.
Сітцаўскі дуб-велікан – помнік прыроды рэспубліканскага значэння з 1963г. Яго вышыня 26 м, дыяметр – 2 м. Ён сімвалізуе стойкасць і моц, стабільнасць і размеркаванасць жыццёвага шляху.
Паводле народнага падання пад дубам адпачываў нацыянальны герой Польшчы Тадэвуш Касцюшка. А народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка напісаў “Баладу пра дуб саўгаса “Сітцы”.
Вялікім гонарам сям’і была капліца Маткі Боскай Вастрабрамскай – дакладная копія віленскай. А паставіла яе маці Вацлава Дамейкі Анеля Дамейкава з Нарушэвічаў, называемая ў сям’і Бабуня “Гервяцкая”.
У кліравых ведамасцях, пачынаючы з 1932г., ёсць звесткі аб тым, што Сіцкая царква была заснавана ў 1530г. У Сітцах праваслаўная царква драўляная была пабудавана ў 1710г., перабудавана ў 1819г., ў 1903г. была разабрана. Новую царкву каменную, залажылі 25 мая 1910г., а асвяцілі 9 чэрвеня 1913г. Пабудавана на добраахвотныя ахвяраванні прыхажан, брацтва царквы Гасудара Імператара Мікалая ІІ і іншых добрачынцаў, а таксама часткаю ад казны, працаю свяшчэнніка Еўстафія Нядзельскага.
Поўні вышэй за сузор’і не ўзняцца,
Лёсу над Богам не ўзняцца вавекі –
Сніцца самотнаму дону Ігнацы
Вяртанне да хаты Ігната Дамейкі.
У 2012г. адзначыцца 210-годдзе з дня нараджэння Ігнація Дамейкі – славутага геолага, вядомага даследчыка Чылі, вучонага. Яго імя прынята ў каляндар памятных дат ЮНЕСКО. Ігнацій Дамейка быў стрыечным братам віленскага маршалка А.Дамейкі.
З дапамогай сям’і Баравок была наладжана перапіска з нашчадкам сям’і Дамейкаў Марыушам Германовічам, які пражываў у Францыі. У 2003г. М. Германовіч наведаў Сітцы і сустрэўся з жыхарамі вёскі, якія помняць яго продкаў.
21 сакавіка 2008г. Докшыцкі раённы савет дэпутатаў прыняў рашэнне пераўтварыць вёску Сітцы ў аграгарадок “Сітцы” Сітцаўскага сельскага савета. Дабудаваліся, пераўтварыліся вуліцы вёскі, але не хапіла сродкаў на аднаўленне гістарычнага парку.
Парк – гэта каштоўнейшы помнік гісторыі, гэта жывая сувязь мінулага і сучаснага, гэта духоўнае адзінства людзей, якія жылі, жывуць і будуць жыць. Гэта бясцэнны скарб нашага народа. Кожнаму з нас трэба памятаць, што шаноўныя і беражлівыя адносіны – гэта наш святы абавязак перад продкамі. Трэба памятаць, што любоў да Радзімы грунтуецца на веданні яе гісторыі.
Накоплены матэрыял мы стараемся папулярызаваць праз СМІ:
- www.tut.by\ праект “100 дорог”
- “Настаўніцкая газета” 2009г.
- Газета “Родныя вытокі”, “Народнае слова”, “Вольнае Глыбокае”
- Тэлеканал БТ.Цыкл перадач “Зямля беларуская” 2009г.
- Тэлеканал ОНТ. Падарожжа з Алегам Гарбузам 2010г.
- Тэлеканал СТВ. “Новыя падарожжы дылетанта” 2011г.
Прыязджайце – і мы будзем рады
Вас у Сітцах сваіх прыняць.
Гістарычныя далягляды
Будзем разам мы адчыняць.