Даследванні

Дата: 25 марта 2019 в 19:43, Обновлено 4 апреля 2019 в 10:35

                                      

Паспрабаваць знайсці тое “месца стыку” малой радзімы і Вялікай Радзімы - такую задачу даследчай работы паставілі перад сабой мы, вучні 7 класа, наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах “Энцыклапедыя жыцця беларусаў” , пад кіраўніцтвам Жукавай Алены Сяргееўны, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі

У кожнага чалавека ёсць такое месца, да якога ён адносіцца з павагай, дзе сэрца б’ецца мацней і душа адпачывае. Месца, дзе час не мае значэння, дзе сонца свеціць па-асобаму і здаецца, што тут ветрык нясе большую прахалоду, чым недзе яшчэ. Мы любім гэту зямлю. Яна гадавала, песціла і давала жыццё тым, хто працягвае яго і сёння, праз стагоддзі, стараецца сумленна і старанна працаваць, шанаваць і ўзвялічваць яе імя. Гэта Радзіма… Такая непаўторная, адзіная, блізкая. Яна наша, родная. Такой больш няма, і мы гэта разумеем… На сэрцы становіцца цяплей, і мы адчуваем сябе самымі шчаслівымі людзьмі, таму што маем вялікі скарб. Ён складаецца з любові і павагі да ўсяго, што стала для нас святым запаветам: бацькоўскай хаты, роднай вёскі, дзе кожны куток з’яўляецца маляўнічым, любых маці і бацькі, сяброў… Гэта яшчэ і родныя мясціны, вядомыя з маленства…

У аснове нашай любові да радзімы, незалежна ад таго, пішам яе з вялікай ці з малой літары, ляжаць многія фактары. Сярод іх, несумненна, самае важнае месца займае наша прыхільнасць да засвоеных з самага ранняга дзяцінства слоў, якімі называюцца нашы вёскі, палі, лугі, рэчкі, сажалкі, урочышчы, мясціны…

Гіпотэза нашай работы такая: кожны чалавек павінен ведаць свае карані, сваіх продкаў, захоўваць духоўную культуру мінулых пакаленняў. Мэта нашай работы – пазнаць частку духоўнай культуры сітцаўскага краю, закладзенай у геаграфічных назвах, сабраць і прааналізаваць матэрыял па гэтай тэме, падзяліцца набытымі ведамі з навучэнцамі нашай установы.

Чаму так названа? Дзе вытокі кожнай назвы? Гэтыя пытанні захапілі нас. Таму прадметам нашага даследавання з’яўляюцца тапонімы, іх паходжанне і звязаныя з імі паданні.

Назвы – гэта перш за ўсё помнікі вуснай народнай творчасці, і ставіцца да іх трэба з пашанай. У тапонімах адлюстравана мінулае аднавяскоўцаў, што і прыцягвае ўвагу. Анамастыка - навука пра назвы. Адзін з яе раздзелаў - тапаніміка - навука пра паходжанне геаграфічных назваў і змен, звязаных з гісторыяй, якія адбываюцца ў слоўным вызначэнні мясцін, паселішчаў і гарадоў, рэк, азёраў, лясоў, балот і іншых прыродных утварэнняў. Сярод тапонімаў вылучаюцца гідронімы (назвы водных аб’ектаў), айконімы (назвы населеных пунктаў), гадонімы (назвы вуліц), мікратапонімы (назвы невялікіх аб’ектаў, звычайна вядомых толькі абмежаванаму колу людзей, якія пражываюць на дадзенай тэрыторыі населенага пункта і яго ваколіц).

Адзін з даследчыкаў прафесар гісторыі I. Філевіч вызначыў геаграфічныя назвы як «мову зямлі», якая «гаворыць нам часта больш, чым творы старажытных і сярэдневяковых аўтараў, больш, чым прыгадвае сваю гісторыю сам народ, блытаючыся, спатыкаючыся, прыхарошваючы і фантазіруючы, больш, чым важкія аргументы мастацкіх даследчыкаў».

Дадзеная даследчая праца накіравана на вывучэнне “мовы зямлі”, гісторыі і паходжання назваў вёсак, вуліц, водных аб’ектаў, мікратапонімаў, назваў зніклых населеных пунктаў Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна. Шмат дапамаглі нам у гэтай рабоце:

Альхімёнак Уладзімір Георгіевіч, былы ляснічы Параф’янаўскага лясніцтва Бягомльскага лясгаса;

Баравок Ганна Юльянаўна, жыхарка аграгарадка Сітцы;

Баравок Ядвіга Юльянаўна, жыхарка аграгарадка Сітцы;

Гігола Станіслаў Іосіфавіч, жыхар Санкт-Пецярбурга, ураджэнец вёскі Парэчча;

Згірскі Казімір Вікенцьевіч, жыхар вёскі Курдзекі;

Каляга Тамара Тадэвушаўна, намеснік дырэктара ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна”, настаўнік гісторыі;

Карповіч Алена Канстанцінаўна, загадчык Сітцаўскай сельскай бібліятэкі Докшыцкага раёна;

ксёндз Раман Мурзіч, пробашч парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі в. Параф’янава;

Кураленя Аляксандр Анатольевіч, майстар лесу Параф’янаўскага лясніцтва ГЛХУ “Бягомльскі лясгас”;

Страха Леанід Раманавіч, настаяцель Сітцаўскай Свята-Георгіеўскай царквы;

Шылавіч Аксана Міхайлаўна, кіраўнік справамі Сітцаўскага сельскага выканаўчага камітэта;

Шылавіч Алена Францаўна, старэйшына вёскі Парэчча;

Шылавіч Уладзімір Іванавіч, жыхар аграгарадка Сітцы, ураджэнец вёскі Курдзекі;

Ючкавіч Марыя Браніславаўна, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна”;

Ючкавіч Мая Іосіфаўна, бібліятэкар ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна”;

Яловік Аляксандр Аляксандравіч, жыхар аграгарадка Сітцы.

Мы таксама выкарысталі ў рабоце матэрыялы рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў “Таямніцы малой радзімы” ў намінацыі “Паданні”, абапіраліся на матэрыялы гістарычных даследаванняў настаўніцы гісторыі ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна” Калягі Тамары Тадэвушаўны.

Населеныя пункты

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

Населеныя пункты, як і людзі, маюць свае імёны - знакі адрознення, нейкія прыкметы, якія кідаюцца ў вочы. Геаграфічныя назвы не ўзніклі самі па сабе. Яны цесна звязаны з жыццём людзей, у назвах - свае гістарычныя лёсы. Некаторыя з іх, узнікнуўшы ў глыбокай старажытнасці, дажылі да нашых дзён без асаблівых змен. Іншыя ж, праіснаваўшы пэўны час, бясследна зніклі ці пакінулі пра сябе напамін толькі на старонках летапісаў і архіўных дакументаў.

 “У сёлаў імёны - як гукі цымбалаў…” - сцвярджаў у вершы “Родныя словы” Пятрусь Броўка, які ў 70-х гадах пабываў на Свяце паэзіі і ў нашым сітцаўскім краі.

Інфармацыю аб населеных пунктах нам прадставіла Шылавіч Аксана Міхайлаўна, кіраўнік справамі Сітцаўскага сельскага выканаўчага камітэта Докшыцкага раёна.

Яна абапіралася на матэрыялы выдання Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцеб. вобл. : нармат. давед. / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай - Мінск: Тэхналогія, 2009. - 669 с.

Вобласць распаўсюджвання назваў населеных пунктаў у нашай рабоце пададзена паводле выдання Рапановіч Я. Н. “Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці” - Мінск, 1977.

Сітцаўскі сельскі савет Докшыцкага раёна ўключае 17 населеных пунктаў.

Вёска Вянюціна

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Вяню'ціна н., -на, -не Венютино, Вяню'цінскі Венютинский, в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага раёна, у с-се “Сітцы”; (Двор Вянюціна) в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на,  с-се “Сітцы”.

 [ 7, с. 92]

Вёска Вайтовічы

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Вайто'вічы мнл., -іч/-чаў, -чах Войтовичи. Вайто'віцкі Войтовичский, в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”.[ 7, с. 68]

Вёска Дзядкі

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Дзядкі' мнл., -коў, -ках Дедки. Дзядко'ўскі Дедковский в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”. [ 7, с. 127]

Вёска Заборцы

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Заборцы мнл., -рац/-цаў, -цах Заборцы. Заб’орскі Заборский, в. у Залескім с/с Глыбоцкага р-на, у к-се імя У. І. Леніна, в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”; х. у Туркоўскім с/с Мёрскага раёна, у к-се імя М. І. Кутузава.

[ 7, с. 148]

Вёска Кіякова

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Кіякова н., -ва, -ве Кияково Кіяко’ўскі Кияковский в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”. [7, с. 197]

Вёска Курдзекі

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Курдзекі мнл., -дзек/-дзекаў, -ках Курдеки. Курдзе’каўскі Курдековский в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”.[ 7, с. 216]

Вёска Лісавічы

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Лісавічы мнл., -іч/-чаў, -чах Лисовичи. Лісавіцкі Лисовичский в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”.[ 7, с. 230]

Вёска Макаравічы

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Мака'равічы мнл., -іч/-чаў, -чах Макаровичи. Мака'равіцкі Макаровичский  в. у Бікложскім с/с Бешанковічскага р-на, у к-се “Савецкая Беларусь”; в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”. [ 7, с. 242]

Вёска Малыя Сітцы

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Малыя Сі'тцы мнл., -лых -цаў, -лых -цах Малые Ситцы. Маласі'тцаўскі Малоситцевский в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”. [ 7, с. 249]

Вёска Новая Вёска

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Новая Вёска ж., -вай -кі, -вай Вёсцы Новая Вёска Новавяскоўскі Нововесковский в. у Відзскім с/с Браслаўскага р-на, у с-се “Камуніст”;  в. у Опсаўскім с/с Браслаўскага р-на, у к-се “Маяк”;  в. у Падсвільскім п/с Глыбоцкага р-на, у к-се імя І. М. Дзімітрава;  в.у Крулеўшчынскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Докшыцкі”;

в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”. [ 7, с. 280 – 281]

Вёска Параф’янава

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Параф’я'нава (Пархвенава) н., -ва, -ве Парафьяново. Параф’янаўскі Парафьяновский в. - ц. Параф’янаўскага с/с Докшыцкага р-на, у к-се “Чырвоны сцяг”;  м. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”. [ 7, с. 296]

Вёска Парэчча

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Парэ'чча н., -чча, -ччы Поречье. Парэ'цкі Поречский

         в. у Смалянскім с/с Аршанскага р-на, у к-се “Новае жыццё”; (да 1964 г. Дрычалукі) в. у Запольскім с/с Віцебскага р-на, у к-се “Усход”;  в. у Пліскім с/с Глыбоцкага р-на, у к-се “Світанне”; в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”; в. у Каменскім с/с Лепельскага р-на, у к-се “Калгасная праўда”; (Двор Парэ'чча) в. у Каменскім с/с Лепельскага р-на, у к-се “Калгасная праўда” [ 7, с. 296]

Вёска Пліскі

Даследчая экспедыцыя па вёсках Сітцаўскага с/с. 2017 г.

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Плі'скі мнл., -сак/-каў, -ках Плиски. Плі'скаўскі Плисковски, в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”;в у Нацкім с/с Полацкага р-на, у к-се імя У. І. Леніна. [ 7, с. 307]

Вёска Рапяхі

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Рапяхі' мнл.,  -хоў, -хах Репехи Рапяхо'ўскі Репеховский, в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы” [ 7, с. 328]

Аграгарадок Сітцы

Даследчая экспедыцыя па вёсках Сітцаўскага с/с. 2017 г.

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Сі'тцы мнл., -цаў, -цах Ситцы. Сі'тцаўскі Ситцевский, в. - ц. Сітцаўскага с/с Докшыцкага р-на і с-са “Сітцы”. [ 7, с. 351]

Вёска Старое Сяло

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Стара'я Вёска ж., -рой, -кі, -рой Вёсцы Старая Вёска. Старавяско'ўскі Старовесковский, в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы” [ 7, с. 363]

Вёска Чаркасы

Вобласць распаўсюджвання назвы:

Чаркасы' мнл., -соў, -сах Черкасы. Чаркасо'ўскі Черкасовский, в. у Вярхоўскім с/с Бешанковічскага р-на, у к-се імя М. І. Калініна; в. у Сітцаўскім с/с Докшыцкага р-на, у с-се “Сітцы”; в. у Крынкаўскім с/с Лёзненскага р-на, у с-се “Высачаны”. [ 7, с. 40

Паходжанне назваў населеных пунктаў

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

На Зямлі ўсё мае сваё імя. Назвы скрозь, яны вакол нас. Яны жывуць сваім асабістым і агульным з намі жыццём. Геаграфічныя назвы апавядаюць нам пра характар народа, яго гісторыю, яго схільнасці і асаблівасці побыту. Толькі не ўсе чуюць гэты аповед. Каб пачуць і разгадаць яго, трэба старанная праца над картамі, кнігамі, дакументамі, уменне слухаць людзей, разважаць.

Дзеля ўстанаўлення паходжання назваў населеных пунктаў былі задзейнічаны шматлікія разнастайныя крыніцы: геаграфічныя, гістарычныя, этнаграфічныя, энцыклапедычныя, перыёдыка, вусныя сведчанні мясцовых старажылаў і ўласныя назіранні, інтэрнэт-рэсурсы.

 У выніку працы мы прыйшлі да высновы, што па сэнсавым значэнні тапонімы Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна можна падзяліць на некалькі груп.

1. Назвы, якія адлюстроўваюць прыродныя ўмовы мясцовасці. Да іх адносяцца найменні, якія паказваюць адметнасць геаграфічнага становішча (Заборцы, Парэчча, Ружанполле); адлюстроўваюць характар рэльефу (Пліскі), звязаны з раслінным светам (Сітцы, Малыя Сітцы, Рапяхі, Асіннікі); адлюстроўваюць жывёльны свет (Лісавічы, Каршунова).

2. Назвы, якія звязаны з працоўнай дзейнасцю і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі жыцця людзей. Да іх адносяцца найменні, якія звязаны з працоўнай дзейнасцю людзей і з іх старажытнымі промысламі (Ямнае (Яма - паштовая станцыя)); адлюстроўваюць прававыя адносіны (Вайтовічы).

3. Назвы рэлігійна-культавага значэння (Параф’янава, Папоўка).

4. Назвы, што паказваюць тып паселішчаў, тып пабудоў (Старое Сяло, Новая Вёска).

5. Назвы, якія звязаны з прозвішчамі і імёнамі людзей. Магчыма, першапасяленцаў ці заснавальнікаў. Гэта група самая вялікая па колькасці, да яе адносіцца амаль трэцяя частка ўсіх назваў паселішчаў сельсавета, а таксама ўрочышчаў (Макаравічы, Вянюціна, Курдзекі, Кіякова, Кліманцова, Езуфова (Юзэфова), Станіславова, Ходараўка).

6. Назвы, якія адлюстроўваюць найменне плямёнаў, народаў ды іншых этнічных груп (Чаркасы).

Цікавыя вынікі дае вывучэнне тапанімічных фармантаў - словаўтваральных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца пры ўтварэнні слова (прыставак, суфіксаў, канчаткаў). Яны нясуць розную сэнсавую нагрузку і надаюць пэўную адметнасць утворанай назве. Частка найменняў - прыналежныя прыметнікі, утвораныя пры дапамозе суфіксаў -оўк, -ов, -ін, -аўк.

Сустракаюцца назвы з фармантам -ічы, якія амаль усе з’яўляюцца антрапаайконімамі - найменнямі, утворанымі ад імён або прозвішчаў жыхароў, мянушак: Макаравічы, Лісавічы, Вайтовічы.

Сучасныя пакаленні беларусаў могуць ганарыцца тым, што іх прашчуры ніколі не былі абыякавымі да сваёй духоўнай спадчыны, вельмі добра разумелі яе значэнне для захавання сваёй самабытнасці. Не выпадкова ж адной з умоў уступлення заходне-рускіх, г. зн. беларускіх, земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага было “старины не рухати”. [3, с. 93]

Варыянты тлумачэння назваў паселішчаў Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна мы сабралі ў невялікім «Этымалагічным слоўніку айконімаў».

Этымалагічны слоўнік айконімаў

Паходжанне назваў населеных пунктаў

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

Вайтовічы. - Назва магла ўтварыцца ад асновы слова войт, што значыць старшыня мяшчанскага суда, начальнік гміны, начальнік гарадскога пасялення. [4, с. 29]

 Вёска захавала прозвішча першапасяленца або першабудаўніка, які пасяліўся некалі сярод неабсяжных мясцовых рэчышчаў. [6, с. 700]

Вянюціна. - Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 – 1862 гг. [2, с. 189] Назва, хутчэй за ўсё, звязана з прозвішчам першапасяленца.

Дзядкі. - Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. [2, с. 192] Можна меркаваць, што назва пасялення ўтварылася ад той жа старажытнаславянскай асновы дзед, што і дзядзінец - так у даўнія часы называлася ўмацаванае месца паселішча.

У польскай dziad мае значэнні «дзед, стары» і «бедны, незаможны».

Па версіі беларускага вучонага - гісторыка Віктара Вераса dede (лет.) дзядзька па бацьку; diedas (лет.) стары, дзядуля. (лет. - летувіская мова).

Асмелімся меркаваць, што найбольш верагодная версія паходжання назвы Дзядкі наступная. За 2 км на захад ад вёскі Дзядкі пачынаецца ручай Сэрвач, які праз кіламетр упадае ў раку Сэрвач. [1, с. 359]

Магчыма, што ў гэтай мясцовасці вадзілася шмат стракоз, якія называюцца дзядкі, або рачнікі (Gomphidae) - сямейства з атрада стракоз (Odonata). [12, c. 64]

У назве могуць захоўвацца звесткі пра капішчы паганскіх багоў.

[6, с. 699]

Заборцы. - Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. [2, с. 195] Назва адлюстроўвае асаблівасць геаграфічнага становішча - месцазнаходжанне “за борам”.

Кіякова. - Назва адлюстроўвае прыналежнасць пэўнаму гаспадару. Маюцца звесткі, што землі і будынкі маёнтка ў 1903 годзе належалі Аляксандру Кіякоўскаму.

Курдзекі. - Назва паходзіць ад прозвішча Курда, утворанага, верагодна, ад літоўскага Įkurdinimas, што азначае “паселішча”. Па версіі беларускага вучонага - гісторыка Віктара Вераса kurdinti (лет.) - сяліць, пасяляць.

Название патронимическое от фамилии Курдек, Курдюк (Туп.; Бир., 1969, с 233). [ 3, с. 190]

Лісавічы. - В. Жучкевіч тлумачыць магчымае паходжанне назвы ад геаграфічнага дыялектнага лысіца ў значэнні “бязлесая паляна, голае ўзвышша”. Вёска Лісавічы і сапраўды размяшчаецца сярод лесу.

В основе название животного лисы: лисицы, лисьи места, лисьи норы и т. д., хотя возможна связь с фамилиями. [ 3, с. 204]

Назва можа паходзіць ад прозвішча Лісіца, якое ўтварылася ад адпаведнай мянушкі, якую атрымаў чалавек за свае “лісіныя павадкі”.

Вёска захавала прозвішча першапасяленца або першабудаўніка, які пасяліўся некалі сярод неабсяжных мясцовых рэчышчаў. [6, с. 700]

Макаравічы. - Назва паходзіць ад імя Макар, якое з’яўляецца формай кананічнага праваслаўнага Макарий, што азначае з грэчаскай мовы “шчаслівы, блажэнны”. [ 9 ]

Вёска захавала прозвішча першапасяленца або першабудаўніка, які пасяліўся некалі сярод неабсяжных мясцовых рэчышчаў. [6, с. 700]

  Малыя Сітцы. - Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. пад назвай Малая Сітца.

[2, с. 204]

Сітцы - назва ландшафтнага характару, зараслі водных сітняг і прыбярэжных раслін - сітнік. [12, c. 224]

Новая Вёска - Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. [2, с. 207] Назва ўказвае, што вёска з’явілася на новым месце. Вядома, што ў 1906 годзе гэта было ўладанне памешчыка Слатвінскага. [6, с. 80]

Параф’янава. - Назва паходзіць ад слова “прихожанин”, “парафіянін”. У лютаран і католікаў “парафія” - царкоўная акруга, якая ахоплівае пэўную мясцовасць, і храм, у якім адбываюцца набажэнствы для прыхаджан; прыход. Пасяленне лічыцца адным з самых старажытных на тэрыторыі Докшыцкага раёна. Упамінаецца ў летапісах з 1435 года. [6, с. 46, 53, 57, 72, 74, 81],

[11, с. 3]

Вёска захавала прозвішча першапасяленца або першабудаўніка, які пасяліўся некалі сярод неабсяжных мясцовых рэчышчаў. [6, с. 700]

 У 1860-х гадах у маёнтку Параф’янава быў заснаваны вінакурны завод (больш за 10 рабочых). [6, с. 76]

Да 1939 года - уладанне памешчыка Слатвінскага. [6, с. 205]

 Парэчча. - Аседласць на берагах вадаёмаў, рэк, азёр выклікала назву Парэчча, гэта значыць, “па рацэ”, “на беразе ракі”. Вядома, што ў 1862 годзе вёска Парэчча належала П. А. Юзэфовіч. [6, с. 76].

Пліскі. - Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. [2, с. 209] Слова пліска - славянскага пажоджання. На думку лінгвістаў, яно роднаснае старому рускаму слову плесо, плес, г. зн. возера, балота. (А вёска Пліскі і сапраўды знаходзіцца ў нізіне!)

Название образовано от термина п л и с а , то же, что и п л ё с - участок реки или водоема, спокойный, с ровным дном, также участок, свободный от водной растительности. Сохранилось название одного из видов дикой утки – плиска (связь с водоемом); есть и охотничье выражение: «…не выходзь на плісу, хавайся”, не выходи на открытую воду, прячься). В. Н. Топоров и О. Н. Трубачев считают название балтийским, не приводя, однако, доказательств (ТТ, стр. 202). Названия поселений возникли на основе речных названий.

[3, с. 292]

У ХІХ ст. каля вёскі знойдзены 2 каменныя сякеры. [6, с. 24, 33]

Рапяхі. - Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. пад назвай Рапехі. [2, с. 211] Назва паселішча паходзіць ад назвы расліны рэпік (рус. репей) - “род шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных, якія маюць звычайна калючкі”. Найбольш вядомым прадстаўніком роду з’яўляецца лопух. [12, c. 204] Урочышчы з такімі раслінамі заўважаліся мясцовымі жыхарамі і часта ўводзіліся ў тапанімію. У Беларусі шырока распаўсюджаны назвы Рэпішча, Рэпнікі.

Старое Сяло. - Назва вёскі, як і назва Сялец, пайшло ад слоў “сяло”, “сяліцца надоўга”. У назве могуць захоўвацца звесткі пра селішча [6, с. 699]

Заходняя частка Докшыччыны ўваходзіла ў Мядзельскую воласць, дзе вялікія падараванні атрымаў у 15 ст. трокскі ваявода Багдан Саковіч. У 1485 г. яму дасталася астатняя частка Даўгінава. У спадчыну Саковіча, якая належала яго дачцэ Альжбеце, жонцы Мікалая Радзівіла, уваходзілі Ваўкалата, Вешняе, Праходы, Старое Сяло і Сітцы. [6, с.42, 46]

Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. [2, с. 215]

        

 Сітцы. - Сітцы - назва ландшафтнага характару, зараслі водных сітняг і прыбярэжных раслін - сітнік. [12, c. 224]  Магчыма, на назве адбіліся колішнія заняткі або групоўкі жыхароў.

[6, с. 700]

У 1567 г. сярод уладанняў магната А. Ю. Хадкевіча ўспамінаецца двор Сітцы (паміж Ваўкалатай і Порплішчам), які належаў да двара Даўгінава ў той час. [6, с. 50, 74]

“Літоўская метрыка” 1690 года назыве Сітцы Сільцам. Належалі яны тады сям’і Бжастоўскіх.

У 1798 годзе маёнтак адышоў да роду Дамейкаў герба Дангель.

Вёска Сітцы (Сітца) упамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. [2, с. 213]  У 1860-х гадах у маёнтку Сітцы быў заснаваны вінакурны завод (4 - 6 рабочых). [6, с. 76]

Да 1939 года - уладанне сям’і Дамейкаў. [6, с. 205]

Чаркасы. Вёска ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. [2, с. 219] Назва  - экзаэтнонім ХVI - XVII вякоў, які выкарыстоўваўся сярод рускамоўнага насельніцтва і ў дакументах Рускага царства адносна чаркесаў, а таксама экзаэтнонім казакоў (пераважна ўкраінскіх) у расійскай дзяржаве да канца XVIII в. [8], [6, с. 699]

Цікавая інтэрнэт-версія. На жаль, крыніца не ўказана. Версія сцвярджае, што ў назве населенага пункта прысутнічае цюркскі дыялект. У пабудове назвы пасялення цюркі выкарыстоўвалі прыстаўку “касы” - пасяленне, вёска. Чаркасы і перакладаецца як Сардэчная вёска, калі даслоўна. “Чере, чаре” - сэрца, “касы” - вёска. Пераклаўшы на сучасную мову, атрымліваем: Чаркасы - Любімая вёска (Блізкае сэрцу пасяленне). Версія прыгожая, думаем, што яна мае права на жыццё.

Маёнтак Чаркасаў да 1939 года. [6, с. 207]

Гаданімія

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

Назвы вуліц вёсак

У грамадстве паступова ўмацоўваецца думка, што геаграфічныя назвы, якімі мы карыстаемся штодзённа і якія сталі неад’емнай часткай нашага жыцця, з’яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю і духоўнай спадчынай нашага народа. Найменні гарадоў, вёсак, вуліц, урочышчаў і іншых аб’ектаў звычайна ўтвараліся натуральным шляхам у выніку сумеснай дзейнасці людзей і фіксавалі найбольш адметныя іх асаблівасці. Таму, зразумела, назвы, якія гучалі з вуснаў нашых продкаў і сто, і дзвесце, і шэсцьсот гадоў, патрабуюць ад нас, нашчадкаў, паважлівых адносін і аховы.

         З 2015 года згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 09. 04. 2012 №160 “Аб адраснай сістэме” і Закона Рэспублікі Беларусь ад 16. 11. 2010 №190-З “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” была праведзена рэгістрацыя элементаў вулічна-дарожнай сеткі ў населеных пунктах Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна.

Шылавіч Аксана Міхайлаўна, кіраўнік справамі Сітцаўскага сельскага выканаўчага камітэта Докшыцкага раёна, расказвае ўдзельнікам даследчай групы, што згодна пратакола пасяджэння Сітцаўскага сельскага савета дэпутатаў ад 14. 10. 2015 №35 было вырашана даць назвы вуліцам нашых населеных пунктаў. Папярэдне былі праведзены сходы з вяскоўцамі, на якіх абмяркоўваліся назвы вуліц.

Аграгарадок Сітцы

Усё на свеце мае сваю гісторыю. Гісторыяй становіцца нават учарашні дзень. А што тады казаць пра паселішчы. Кожнае жыве сваім жыццём: адны азрастаюцца ўдоўжкі і ўшыркі, другія паступова знікаюць з карты раёна. У нашым выпадку Сітцы разрасліся. Пасля вайны зліліся ў адно пасяленне Сітцы, Давыдоўка, Саўгас. Пачатак больш інтэнсіўнага “росту” прыпадае на 1980-я гады. На былым кукурузным полі з’явілася некалькі двухпавярховых домікаў, у 1982 годзе гасцінна прыняла вучняў новая школа. Так пачала забудоўвацца вуліца, якая зараз называецца Школьная.

Вуліца Маладзёжная таксама пачыналася з двухпавярховых домікаў. Будаваліся яны хутка, раслі проста на вачах, бо складаліся з вялікіх пліт. Будаўнічы кран ставіў адразу цэлую сцяну! Прыгожае і захапляючае відовішча! Каб толькі не бяда, якая азмрочвала гэтае будаўніцтва. У паветры лунала трывожнае слова: Чарнобыль… Шэсць двухпавярховых катэджаў далі пачатак новай вуліцы.

Затым з’явіліся домікі на былым ваенным аэрадроме. Разам з імі ўзнікла яшчэ адна вуліца.

На сягонняшні дзень аграгарадок Сітцы налічвае шэсць прыгожых вуліц: в. Цэнтральная, в. Паркавая, в. Школьная, в. Царкоўная, в. Маладзёжная, в. Аэрадромная.

 Вул. Цэнтральная. - Самая старая вуліца аграгарадка. Працягласць - прыкладна 3 км. На фота - удзельнікі даследчай экспедыцыі па вуліцах аграгарадка Сітцы.

 Вул. Царкоўная. - Назва паказвае, што на гэтай вуліцы размяшчаецца Сітцаўская Свята-Георгіеўская царква. Адна частка гэтай вуліцы будавалася пасля вайны. Другая частка забудавана так званымі “прэзідэнтскімі” домікамі. Дом на фота збудаваны пасля вайны на месцы былой царкоўнай школы.

 Вул. Школьная. - На гэтай вуліцы размешчана ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна” Удзельнікі даследчай экспедыцыі прыселі адпачыць на лавачцы ў дома настаўніцы пачатковых класаў Войніч Людмілы Генадзьеўны.

 Вул. Маладзёжная. - “Маладая” вуліца аграгарадка. Пачала забудоўвацца “чарнобыльскімі домікамі” на пачатку 1990-х. На гэтай вуліцы шмат маладых сем’яў, вечарамі яна звініць дзіцячымі галасамі.

 Вул. Аэрадромная.- Пачатак забудовы - прыкладна 2000 год. Вуліца размешчана на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома, пабудаванага ў 1940-х гадах. Таму і назву яна атрымала адпаведную. На фота - удзельнікі даследчай экспедыцыі па вуліцах аграгарадка Сітцы ля аднаго з дамоў.

 Вул. Паркавая. - Праходзіць каля былога дамейкаўскага парку. Забудова прыкладна 1950-60-х гадоў. На гэтай вуліцы шмат старых дрэў.

Вёска Параф’янава

Пры абмеркаванні назваў вуліц вёскі Параф’янава самы актыўны ўдзел прымаў ксёндз Раман Мурзіч. Па просьбе наведвальнікаў заняткаў па інтарэсах “Энцыклапедыя жыцця беларусаў” ксёндз Раман згадзіўся расказаць парафіяльнай моладзі аб узнікненні назваў вясковых вуліц, правесці міні-экскурсію і сфатаграфавацца на вуліцах Параф’янава.

Ксёндз Раман расказвае гісторыю ўзнікнення назваў вуліц

         “Назвы вуліц павінны адлюстроўваць нейкія знакавыя моманты жыцця людзей, быць звязанымі з гісторыяй пэўнай мясцовасці, несці ў сабе значную інфармацыю. Так вуліца Касцёльная атрымала такую назву, бо на ёй знаходзіцца касцёл імя Прасвятой Дзевы Марыі, які быў заснаваны ў 1624 годзе.

Назва вуліцы, якая вядзе да могілак дадзена невыпадкова. Вуліца Кальварыйская. Першапачаткова “кальварыя” – лацінскі варыянт грэцкага тапоніма Галгофа - месца недалёка ад Ерусаліма, дзе быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. З цягам часу значэнне слова пашырылася і стала абазначаць месца пахавання ў католікаў.

Вуліца Будслаўская мае “геаграфічнае” паходжанне. Так лягчэй арыентавацца ў дарозе вернікам, якія штогод ідуць пакланіцца Маці Божай Будслаўскай.

Вуліца Мечыслава Багаткевіча названа “ў гонар”. У параф’янаўскім касцёле ёсць партрэт ксяндза Мечыслава Багаткевіча - святара, які першым адслужыў імшу ў каменным храме. Служыў ён і падчас нямецкай акупацыі. Захопнікам не спадабаліся яго казанні, за што ксяндза арыштавалі і закатавалі. Пасля вайны Мечыслаў Багаткевіч быў прылічаны да ліку блажэнных”.

         

Пачутае ад ксяндза Рамана мы, даследчая група, абмеркавалі са старэйшымі: бацькамі, дзядулямі, бабулямі. Высветлілася, што былая прыхаджанка Альхімовіч Леанарда Ігнацьеўна (1914 – 2000) доўгія гады захоўвала памятку аб першай імшы Мечыслава Багаткевіча ў Параф’янаўскім касцёле. Пасля яе смерці абразок клапатліва берагла яе дачка Лісіца Рамуальда Паўлаўна, 1940 г. н.

Мы палічылі патрэбным змясціць гэту інфармацыю ў нашай рабоцеце. 

         На абразку подпіс на польскай мове: “Дар найвысшы вашага Улюбёнца: Падаю вам Крыж на знак прыкладу, які злучаны з душой вашай”.

Святая Малгажата Марыя

Подпіс сведчыць: ”Памятка першай імшы святой, якую адправіў ксёндз Мечыслаў Багаткевіч у Параф’янаве дня 30 ліпеня 1933 года.

         Высвенчаны на каплана праз ксяндза Казіміра Бултрага ў касцёле кафедральным  у Пінску. Году юбілейнага 1933. 23 ліпеня”.

Вуліцы Параф’янава

Вуліца Касцёльная. - Прыгожая ў любую пару года. Адкуль і куды б ні ехаў - над жыццёвай будзённасцю ўзвышаецца касцёл імя Прасвятой Дзевы Марыі. Гэта “сэрца” Параф’янава.

Вуліца Будслаўская. - У гэтым годзе побач з указальнікам на Ілава з’явіўся дарожны знак “Вуліца Будслаўская”. Якраз перад Вялікай Пілігрымкай ў Будслаў. Каб паломнікі з Наваполацка, Віцебска, Глыбокага бачылі правільны накірунак дарогі да Будслаўскай святыні.

 Вуліца Кальварыйская. - Фота зроблена на схіле дня. Гэта вуліца ад касцёла да могілак. Кожны чалавек у сваім жыцці праходзіць сваю кальварыю, пачынаючы ад храма, у якім яго хрысцілі і заканчваючы яе на сконе жыцця на могілках.

Кальварыя - каталіцкае свяцілішча на месцы старажытных пахаванняў. [4, с. 32]

 Вуліца Мечыслава Багаткевіча. - Размяшчаецца з паўночнага боку ад касцёла. Так ушанавана памяць пра ксяндза, які ў свой час вёў тут службу.

 Вуліца Садовая. - Новая вуліца ў Параф’янава. Забудавана “прэзідэнтскімі” домікамі. Размешчана ля вялізнага яблыневага саду, які належыць ДП “АграСітцы”

 Перавулак Лясны. - Размяшчаецца злева ад уезду ў Параф’янава. Назва невыпадковая. Усутыч падыходзіць лес, які мясцовыя жыхары называюць Казённік.

У кожнай з астатніх 15 вёсак Сітцаўскага сельскага савета

Докшыцкага раёна вуліцы таксама маюць назвы

          Вёска Вайтовічы. Вуліца Палявая

          Вёска Вянюціна. Вуліца Дубовая

          Вёска Дзядкі. Вуліца Цэнтральная,вуліца Зялёная

          Вёска Заборцы. Вуліца Нарачанская

          Вёска Кіякова. Вуліца Зарэчная

          Вёска Лісавічы. Вуліца Вішнёвая

          Вёска Макаравічы. Вуліца Ясная

          Вёска Малыя Сітцы. Вуліца Сонечная

          Вёска Чаркасы. Вуліца Лугавая

          Вёска Новая Вёска. Вуліца Сельская

          Вёска Пліскі. Вуліца Балотная.

          Вёска Рапяхі. Вуліца Баравая

          Вёска Старое Сяло. Вуліца Садовая

          Вёска Парэчча. Вуліца Майская.

          Вёска Курдзекі. Вуліца Цэнтральная.

         Мы прааналізавалі назвы вуліц Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна і размеркавалі іх на некалькі груп: узроставую, аб’ектную, фамільную (“у гонар”), прыродную, тэрытарыяльную, геаграфічную.

“Узроставая” група ўключае ў сябе назву вуліцы адносна ўзросту жыхароў (Маладзёжная).

         “Аб’ектная” група ўказвае на месцазнаходжанне на гэтай вуліцы сацыяльна значнага аб’екта (Школьная, Аэрадромная, Касцёльная, Царкоўная, Кальварыйская).

         “Фамільная” (“у гонар”) паказвае на непасрэдныя адносіны чалавека да канкрэтнага месца (вуліца Мечыслава Багаткевіча).

         “Прыродную” групу можна падзяліць на падгрупы: па порах года (Майская), па ландшафту (Балотная, перавулак Лясны, Дубовая, Зарэчная, Вішнёвая, Лугавая, Сельская, Баравая, Садовая, Паркавая, Палявая), па пагодзе (Ясная, Сонечная), па колеры (Зялёная).

         “Тэрытарыяльная” група паказвае на размяшчэнне вуліцы адносна тэрыторыі населенага пункта (Цэнтральная).

         “Геаграфічная” група паказвае, куды вядзе дарога (Будслаўская, Нарачанская).

         Тры населеныя пункты сельсавета (аграгарадок Сітцы, вёска Курдзекі і вёска Дзядкі ) маюць вуліцу Цэнтральную.

Страчаныя назвы паселішчаў

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

У ходзе нашага даследавання мы вырашылі пацікавіцца архівамі Сітцаўскай Свята-Георгіеўскай царквы. І вось з благаславення бацюшкі Леаніда нам дазволена пагартаць архіўныя дакументы. Пад пільным наглядам матушкі Ніны асцярожна лістаем адну з кніг. Вялікая, тоўстая, цяжкая, яна падпісана сінім чарнілам прыгожым каліграфічным почыркам “з націскам” “Посемейная книга прихожанъ Ситской церкви Виленской губерніи, Дисненского уіъезда. Составлена в 1927 году диакомъ Иоанномъ Евстафіевичемъ Недельским”. Якая нязвыклая граматыка! А што ж на старонках самой кнігі?

У пасямейнай кнізе пазначаны назвы вёсак, колькасць сямей-прыхаджан, даты народзінаў, вянчання, смерці, колькасць дзяцей ў сям’і, час іх хрышчэння. Але адкуль такія назвы? Засценак Каршунова, памесце Станіславова, Клеманцова, памесце Булахі, Ружанполле? Мы і не чулі пра такія назвы. Куды яны зніклі, дзе былі размешчаны на тэрыторыі нашага сельскага савета гэтыя пасяленні?

Вось так нечаканае пытанне задало новы накірунак у даследчай рабоце. Каб адказаць на яго, мы зноў пачалі роспыты ў аднавяскоўцаў-старажылаў, спадзеючыся пачуць новыя цікавыя апавяданні.

З благаславення настаяцеля Сітцаўскай Свята-Георгіеўскай царквы Страхі Леаніда пагартаем архіўныя дакументы

На жаль, тэма “Страчаныя назвы” - даволі сумная і балючая. Чым далей ад нас яна па часе, тым больш складана штосьці дапоўніць. Паміраюць людзі, урастаюць у зямлю фундаменты дамоў. Месцы многіх вёсак нічым асаблівым не выдзяляюцца на фоне акаляючай карціны прыроды, а старажылаў, якія могуць нам расказаць пра паходжанне вёсак, становіцца ўсё менш. Таму мы паспяшаліся сабраць і запісаць хаця бы тое, што яшчэ можна адшукаць, вярнуць з нябыту забытыя назвы, каб надаць сітцаўскаму краю сваю адметнасць.

         Мінулае і сучаснае. Астравок памяці… Ліпы, бяроза, рэшткі саду… Яблыні і грушы яшчэ штогод даюць добры ўраджай, ніяк не могучы паверыць, што не прыйдзе больш да іх гаспадар, не падзякуе за шчодрыя дары, не паласуецца наліўным яблыкам і пахучай грушай. Ад былога хутара Булахі застаўся толькі светлы ўспамін…

Вёска - маці гарадоў, і гістарычныя назвы вёсак не павінны знікнуць з картаў і выветрыцца са свядомасці людзей. Трэба зберагчы гэтыя назвы, бо яны з’яўляюцца самымі старажытнымі помнікамі, якія дазваляюць пранікнуць у глыбіню гісторыі, культуры і мовы.

         Сабраны айканімічны матэрыял мы падаём у невялікім слоўніку. 

Слоўнік страчаных назваў населеных пунктаў

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

Асінннікі. - Былы панскі двор на поўнач ад Вянюціна пад вёскай Грабучае.

 Булахі. - Назва вёскі ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. [2, с. 186]. Хутар размяшчаўся на поўнач ад вёскі Вянюціна. Пра яго месцазнаходжанне напамінаюць толькі вялікія ліпы і рэшткі саду.

 Вянюцінскі Двор. - Вёска  знікла ў 1995 г. Апошняя хата знесена ў выніку меліярацыйных работ.

 Вялікія Сітцы. - Зараз ужываецца назва Сітцы. [5, с.258] 

Давідоўка (Давыдоўка). - Так называўся фальварак [6, с.207], які размяшчаўся на цяперашняй частцы Сітцаў ад сталовай “Сэрвач” да сажалак. Да 1939 года тут пражывалі паны Багуцкі і Вяльмоўскі.

 Езуфова. (Юзэфова). - Хутар знік у 1950-60 гг. у выніку перасялення жыхароў у цэнтр тагачаснага саўгаса “Сітцы”. [5, с.258] На месцы былога паселішча - землі ДП “АграСітцы”.

\Кабяльцы. - Назва вёскі ўпамінаецца ў Візіце ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 - 1862 гг. і гучыць як Малыя Кабелі. [2, с. 204], [5, с.258] На месцы былога хутара - засеяныя палеткі ДП “АграСітцы”.

 Караліна. - Былы фальварак [6, с.207] на поўнач ад вёскі Лісавічы. Месца зарасло лесам. Пра існаванне паселішча нагадваюць толькі з дзясятак вялікіх раскідзістых яблынь сярод лесу, напаўзарослая лясная дарога і некалькі камянёў ад падмурка хаты.

Каршунова. - Былы хутар на паўднёвы ўсход ад вёскі Новая Вёска. На гэтым месцы зараз сенакос ДП “АграСітцы”.

Кліманцова (Кліманава [6, с. 207]). - Да 1939 г. уладанне кіякоўскага пана Багданоўскага. На захад ад вёскі Лісавічы. 

Невяране. - Фальварак [6, с.207], размешчаны ў сярэдзіне трохкутніка Сітцы - Пліскі - Ходараўка. Пра яго напамінаюць толькі гэтыя кусты, што разрастаюцца на былой дарозе ў паселішча.

        

 Папоўка (Папоўшчына). Захавалася яшчэ назва Воўкава. - У назве зафіксавана пасада чалавека праваслаўнага культу [4, с. 31]. Хутар знаходзіўся ў паўночна-заходнім напрамку ад Плісак. Паміж Лядай (лес) і Маліннікам (лясок). Там жыў бацюшка Нядзельскі [5, с.258]

 Паўлавічы. Ад былога фальварка [6, с.207] нічога не засталося. Толькі роўны палетак на гарызонце.

 Ружанполле (Рожанполле, Ружамполле). - Фальварак. [6, с.207] Размяшчаўся ў паўночным напрамку ад вёскі Пліскі, перад Лядай (лес). Да 1939 года ўладанне пана Буша. Пасля вайны там знаходзіўся сельсавет, магазін, малочна-прыёмны пункт.

 Даследчык В. А. Жучкевіч лічыць, што назва магла ўтварыцца ад асновы рог у значэнні “вугал”. Галосная у з’явілася пад уплывам польскай мовы. [3, с. 329]

 Саўгас. - Месца, дзе размяшчалася былая кантора саўгаса “Сітцы”, сучасная вуліца Паркавая і частка вуліцы Цэнтральная ад сажалак да пошты.

Назва не ўжываецца з дзясятак год, з таго часу, як кантора гаспадаркі перабралася ў новы будынак, а вёска набыла статус аграгарадка ў 2007 годзе.

 Сітцы (тэрыторыя вёскі да 1939 года). - Зараз гэта вуліца Царкоўная, частка вуліцы Цэнтральная да сталовай “Сэрвач”. Тут размяшчаецца духоўны цэнтр ваколіцы - Сітцаўская Свята-Георгіеўская царква.

 Станіславова. - Фальварак. [6, с.207] Размяшчаўся па дарозе Курдзекі - Вайтовічы. Да 1939 года там быў панскі маёнтак Азямблоўскага. Пасля вайны там знаходзілася школа. Яе наведвалі дзеці з Сітцаў, Плісак, Курдзек, Вайтовіч, Парэчча.

Зараз на гэтым месцы толькі невялікая паляна, абсаджаная па перыметру ліпамі і бэзам.

 Ходараўка. - Упамінаецца ў тарыфе 1690 года. Маёнтак аднесены да Даўгінаўскай парафіі. Належаў рэферэндару ВКЛ Уладзіславу Бжастоўскаму. [6, с. 58]

Да 1939 года ўладанне пана Слатвінскага. На месцы маёнтка зараз толькі векавыя ліпы і рэшткі сцяны ад нейкай гаспадарчай пабудовы. Ад назвы двара засталося ў мясцовых жыхароў прозвішча Ходаравіч.

Непадалёк ад гэтага месца знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Ходараўка”.

 Ямнае. - Хутар на поўдзень ад Малых Сітцаў. Тут жылі тры ксяндзы Багаткевічы. У час вайны  сюды ўцякалі жыхары Сітцаў, хаваліся ад бамбёжак.

З 1943 па 1966 год тут пражывала няня панскага дома Дамейкаў Гуда Станіслава Цупрыянаўна (1904-1969 гг.). [5, с.258]

       

Мікратапонімы

вёсак Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

      Мікратапонімамі (назвамі мясцовых аб’ектаў, вядомымі невялікай колькасці людзей) пазначана прастора жыццядзейнасці нашых продкаў. Кая прастора. Яна ахоплівала ці не кожную дзесяціну поля, лесу. І каб не згубіцца ў гэтым вялікім свеце, які пачынаўся адразу за вёскай, людзі пазначалі дакладныя каардынаты свайго месцазнаходжання: Круглы лес, Пятае поле, Лазурка, Сіні бор, Шырокі лог… Мікратапонімы - тыя ж мясцовыя мерыдыяны і паралелі, якія пазначаюць месцы, дзе былі хутары, дзе назапашвалі сена, дзе пасвілі жывёл, збіралі грыбы і ягады, секлі дровы… Гэта напластаванні гісторыі “на метр квадратны”, бо некалі меў патрэбу ў назве кожны лапік зямлі, бо ён меў свайго гаспадара. Сёння ж ні тых лапікаў поля, ні тых палявых дарог… І каму, як не нам, сягонняшнім сямікласнікам, трэба пастарацца захаваць хоць тое, што яшчэ магчыма захаваць. Калі мы не захочам пачуць пра мікратапонімы сёння - заўтра пра іх не будзе каму расказаць.

        Ведаючы мікратапонім, можна беспамылкова трапіць у любое названае месца. Мяняюцца пакаленні людзей, сціраюцца з памяці выявы розных прадметаў, якія выходзяць з ужытку, а назва застаецца, ёй карыстаюцца, арыентуюцца ў пэўным месцы.

        Да гэтага часу ніхто не займаўся вывучэннем мікратапонімаў нашай мясцовасці. Актуальнасць тэмы нашай работы відавочная: у лёсе кожнай вёскі, як у люстэрку, адбіваецца наша гісторыя. З мікратапонімаў можа сплесціся вянок памяці аб мінулым.

Слоўнік мікратапонімаў

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

 Агарод. - Мясціна ў Сінім бары, дзе колісь была леснічоўка. Зараз там вырас вялікі лес. Мясцовыя леснікі сцвярджаюць, што там засталіся рэшткі былых пахаванняў. Паходжанне назвы невядомае. На фота - карта з матэрыялаў Вільнюскага архіва ўладанняў Дамейкаў у даваенны час. 2004 г. Чырвоным кружочкам пазначана месца, дзе быў Агарод.

Амшара. - Мохавае балота (невялікае па плошчы) ў Круглым лесе . На ўсход ад Сітцаў.

 Аселіца. - Месца за вёскай, луг, дзе звычайна касілі сена. На фота аселіца за вёскай Курдзекі. Гэта месца былых торфараспрацовак. Зараз яно зарастае кустоўем.

 Барок. - Невялікі змешаны лес каля вёскі Рапяхі. Расце на высокім месцы. Крыху ў нізінку пераходзіць у балота, парослае маладым лесам.

 Барсучына. - Лес вакол балота і само журавіннае балота на поўнач ад Дзядкоў. Назва паказвае, што ў гэтым месцы, напэўна, калісьці вадзілася шмат барсукоў.

 Брод. - Мелкае месца на Сэрвачы каля вёскі Парэчча. Праз яго можна было перабрацца ў Сіні бор. Зараз гэта месца зарасло асакой і кустоўем. На фота ачышчанае ад расліннасці месца, дзе пачынаўся Брод. Збоку бачны рэшткі кладкі.

Выгарка. - Гарэлы лес на захад ад вёскі Курдзекі. Назва гаваркая.

 Вайтоўскі лес. - Лес насупраць вёскі Вайтовічы, у паўночным напрамку ад вёскі.

 Валатоўкі. - Курганны могільнік у лесе, недалёка ад вёскі Парэчча. Назва ўзнікла, хутчэй за ўсё, ад слова “волат”. Расказваюць, што ў час раскопак курганоў археолагі выкапалі вельмі вялікія па памеру косці і чарапы. [4, с. 44]; [6, с. 27, 33]

 Гаёк. - Невялікі, пераважна бярозавы лясок на ўсход ад вёскі Вянюціна. Грыбнікі сцвярджаюць, што гэта самае даходнае месца каля вёскі.

Гарэлае. - Лес на поўнач ад вёскі Курдзекі. Назва гаваркая, празрыстая.

Дзіч. - Мясціна ў лесе недалёка ад былой вёскі Ямнае.

Дубнік. - Невялікі лясок у напрамку былой вёскі Ямнае. Характэрная асаблівасць ляску – наяўнасць мноства дубоў.

Дуброўкі. - Невялікі лясок перад вёскай Вайтовічы. За ім пачынаецца Сіні бор.

 Залугаўе. - Так называецца па-вясковаму адна з вуліц вёскі Курдзекі, якая ідзе ў паўночным напрамку. Забудавалася яна пасля вайны, за лугам, які быў за “старой” (даваеннай) вёскай Курдзекі.

 Зялёны гасцінец. - Дарога, якая праходзіла праз Сіні бор ад Лісавіч да Станіслаўцаў. Лес вакол гасцінца быў нечапаны, сустракаліся вялікія старадрэвіны. Зараз гэтай дарогай карыстаюцца толькі ў выпадку лесараспрацовак.

 Казённік. - Лес каля вёскі Параф’янава, перад жалезнай дарогай. Да 1939 года ён належаў казне, гэта значыць, дзяржаве.

Кладкі. - Намошчаны пераход у мелкім месце праз раку Сэрвач. Цераз Кладкі перабіраліся ў Сіні бор і на балота ў Куты, у журавіны. Існуюць і па сягонняшні дзень, хаця ў даволі непрыдатным стане.

 Круглы лес. - Лес на паўночны ўсход ад аграгарадка Сітцы. Назва адлюстроўвае асаблівасці формы. Год з пяць таму назад у гэтым лесе яшчэ знаходзіўся стары збуцвелы крыж . Ён быў памяткай дзецям, якія загінулі ў лесе пасля таго, як знайшлі снарад часоў ВАВ і “пагулялі” з ім.

 Курдзецкі лес. - Лес каля вёскі Курдзекі ў паўночным напрамку. Частка вялікага лесу пад назвай Ляда.

 Кут. - Месца ў Парэччы, дзе заканчваецца вуліца і дарога наогул. Далей – рака і балота. Балота таксама называецца Куты.

 Лелюкова гара. - Узвышанае месца на захад ад аграгарадка Сітцы. Назва паходзіць ад прозвішча чалавека, які там жыў. Засталіся рэшткі фундаменту ад сядзібы. 

Леснічоўка. - Мясціна ў Сінім бары, дзе была хата лесніка.

 Лінія. - Месца, дзе праходзіць лінія электраперадач.

Лугаваткі. - Невялікі грыбны лясок каля вёскі Курдзекі. Паходжанне назвы высветліць не ўдалося.

 Ляда. - Вялікі лес на паўночны захад ад аграгарадка Сітцы. Назва абазначае пустку сярод лесу, месца вырубкі і выпальвання лесу для патрэб земляробства.

Магілачкі. - Рэшткі былых захараненняў, якія размяшчаюцца на аселіцы вёскі Парэчча. Засталося некалькі надмагільных камянёў, урослых у зямлю.

 Маліннік. - Невялікі, пераважна бярозавы лясок за вёскай Пліскі. Назва празрыстая. У гэтым ляску вялікія зарасці маліны, трапляецца ажына.

 Маргі. - Месца, дзе былі надзелы зямлі жыхароў вёскі Курдзекі да 1939 года. Пасля вайны там таксама выдзяляліся “соткі” для рабочых саўгаса “Сітцы”. Зараз месца залужана, тут пэўны час будзе пасвіцца жывёла ДП “АграСітцы”

 Марцініха. - Сенакос за Вайтоўскім возерам. Назва паходзіць ад імя гаспадара сядзібы, які некалі тут жыў.

Накат. - Намошчаная дрэвам дарога праз балота. Жыхары вёскі Парэчча ўспамінаюць, што накат зрабілі вайскоўцы ў пачатку вайны. Ён быў такі моцны і трывалы, што па ім ішлі нават танкі. У пасляваенныя гады па гэтай дарозе дабіраліся ў Ваўкалаты ў касцёл.

 Паваркі. - Мясцовая назва адной з вуліц вёскі Курдзекі. Вуліца была брукаваная. Рэшткі бруку добра бачны на пачатку вуліцы. Існуе легенда пра ўзнікненне назвы гэтай вуліцы.

 Панскі лес. - Лес пад вёскай Кіякова. Да 1939 года гэта былі ўладанні роду Кіякоўскіх. Назва захавалася з таго часу.

 Пцічнік. - Месца, дзе размяшчаліся будынкі саўгаса “Сітцы”, у якіх утрымліваліся куры і качкі. У 1950 – 60 гады саўгас займаўся птушкагадоўляй. Застаўся адзін будынак і рэшткі падмурку. Назва – калька з рускай мовы.

 Пятае поле. - Так называецца тэрыторыя былога ваеннага аэрадрома, які знаходзіўся побач з вёскай. У гады вайны непадалёк ад яго знаходзіліся армейскія склады боепрыпасаў. Да гэтага часу зямля пазбаўляецца ад рэшткаў смяротнага запасу тых складоў. У гэтым годзе тут каласяцца збожжавыя.

 Рынкова гара. - Узвышша на паўднёвы захад ад аграгарадка Сітцы. Назва паходзіць ад прозвішча гаспадара, які жыў у тым месцы. 

 Сіні бор. - Вялікі лес на захад ад вёскі Парэчча, за ракой Сэрвач.

 Спадовая канава. - Нізкае месца перад уездам у аграгарадок Сітцы. Вясной па гэтай канаве сцякае да ракі Сэрвач уся талая вада. Да 1970-х гадоў тут быў драўляны мост. У выніку дарожных работ быў зроблены насып каля 2-х метраў у вышыню і пракладзена асфальтаваная дарога. Назва паходзіць ад слова “спад” - пакаты, круты схіл.

 Сцюдзянец. - Лес на паўднёвы захад ад вёскі Курдзекі, цягнецца да ракі Сэрвач. У лесе ёсць месцы з халоднымі (сцюдзёнымі) крыніцамі. Адсюль і назва - Сцюдзянец.

Цагельня. - Месца перад вёскай Парэчча. У назве закладзены вытворча- прафесійны від дзейнасці чалавека. Там здабывалі высакаякасную гліну для пабудовы касцёла. Гліну капалі на беразе вялікай сажалкі. На гэтым месцы застаўся толькі закінуты калодзеж у 6 цымбравін глыбінёй. На фота - удзельнікі даследчай экспедыцыі па вёсках Сітцаўскага сельскага савета.

 Царкоўная дарога. - Дарога, якая вяла ад Сітцаўскай Свята-Георгіеўскай царквы на Новую Вёску, Дзядкі. Па гэтай дарозе хадзілі з хрэсным ходам па вёсках. Дарога была брукаваная. Рэшткі бруку засталіся з боку Круглага лесу. Зараз дарогай ніхто не карыстаецца, яна зарастае травой і кустоўем.

 Шырокі лог. - Шырокае нізкае месца сярод Ляды – так называецца лес паміж Сітцамі і Лісавічамі. Гадоў з дзясятак таму гэта быў добры сенакос. Зараз мясціна зарастае лесам.

 Ямы. - Месца гульняў дзяцей вёскі Курдзекі. Засталіся ад ваенных часоў. Зараслі дрэвамі і кустоўем.

Гідронімы

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

Нялёгка адказаць на гэта пытанне і нам, вучням. Пакінем яго навукоўцам. Раскажам у нашай рабоце пра найменні водных аб’ектаў, якія мы змаглі даследаваць.

Назвы водных аб’ектаў здаўна выклікаюць цікавасць у даследчыкаў. Гэта звязана з тым, што большасць з іх уяўляе словы-помнікі, якія прыйшлі да нас з глыбокай даўніны. Калі паразважаць над тым, як адбывалася засяленне якім-небудзь племем той ці іншай тэрыторыі, то мы прыйдзем да высновы, што гэта асваенне ішло па далінах рэк. І гэта зразумела, бо ў часы, калі ўся паверхня была занята лясамі, рэкі адыгрывалі ролю дарог, былі шляхамі, па якіх ішоў пошук новых паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў. З гэтага разважання можна зрабіць некалькі высноў: па-першае, назвы рэк і азёр з’яўляюцца найбольш старажытнай групай найменняў на пэўнай тэрыторыі; па-другое, большасць гідронімаў утварылася па схеме: вялікая рака - прыток ракі - ручай - возера - сажалка… Спецыялісты абазначаюць іх тэрмінам “гідронімы”, які ўтвораны ад грэчаскіх асноў гідра - “вада” і анома - “імя, назва”.

З прычыны сваёй старажытнасці многія водныя аб’екты прайшлі праз прызму скажэнняў, перайменаванняў, і таму аднавіць першапачатковую форму назвы і растлумачыць яе сэнс бывае вельмі складана, а то і немагчыма. Праца з назвамі рэк і азёр ускладняецца і тым, што народы і плямёны, якія пакінулі нам найменні водных аб’ектаў, ужо не жывуць на нашай тэрыторыі, а то і наогул зніклі.

Мы падрыхтавалі невялікі слоўнік, у якім сабралі найменні некаторых водных аб’ектаў Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна і пастараліся сфатаграфаваць тыя месцы, пра якія пойдзе размова.

Слоўнік гідронімаў

Сітцаўскага сельскага савета Докшыцкага раёна

Назвы водных аб’ектаў

 Асісяева сажалка. - Невялікая рукатворная сажалка, выкапаная для ўласных патрэб. Месца для купання вясковай дзятвы. Назва паходзіць ад мянушкі гаспадара сажалкі. На фота - удзельнікі даследчай экспедыцыі па ваколіцах аграгарадка Сітцы.

 Галядза. - Рака ў Докшыцкім раёне, левы прыток Сэрвачы (бас. Віліі). Даўжыня 24 км. Пл. вадазбору 110  Сярэдні нахіл воднай паверхні 2,3 %. Пачынаецца на ПнУ ад в. Барсукі, упадае ў Сэрвач на Пн ад в. Мураўшчына. У вярхоўі на працягу 6 км каналізаваная. У ніжнім цячэнні (ніжэй в. Заборцы) цячэ праз лес. [1, с. 121].

Даследчык Г. М. Аўтушка лічыць, што старажытныя племянныя назвы добра выступаюць ў тапонімах: р. Галядза (балты). [6, с. 699]

 Рака мае дзве назвы. У народзе яе называюць Балядка (Бладзь, Бладка). [6, с. 46] Назва рэчкі Балядка, дарэчы, не мае дачынення да падобнага па гучанні славянскага слова. Гэта - гідронім, які застаўся ад балцкіх плямёнаў, досыць пашыраны ў нашым рэгіёне. Азёры з назвай Бляда ёсць каля Дунілавічаў і каля Мядзела. Значэнне гэтага кораню - прыметнік, які азначае "цёмны". Чаму рака мае другую назву, мы не высветлілі.

 Каля Маі Іосіфаўны. - Невялікая рукатворная сажалка, выкапаная для уласных патрэб. Зімой выкарыстоўваецца як каток для дзятвы. Назва паходзіць ад імя гаспадыні сажалкі. Калі меркаваць па назве аб’екта, то можна сказаць, што дзеці гаспадыню сажалкі любяць і паважаюць.

 Купальня. - Сажалка на былых торфараспрацоўках паміж Сітцамі і Курдзекамі. Зараз месца зарасло кустоўем, сажалка таксама зарастае травой, мялее. У 1970-1980 гады мінулага стагоддзя гэта было любімае месца для купання дзяцей вёсак Курдзекі і Сітцы.

 Лазурка. - Рукатворны водны аб’ект. Выкапаны недзе ў 1980-х гадах для гаспадарчых патрэб саўгаса “Сітцы”. Любімае месца рыбакоў. Назва дадзена па аналогіі з вядомым курортам Лазурны Бераг.

 Маласіцкая рака. - Мясцовая назва ракі Сэрвач каля вёскі Малыя Сітцы Докшыцкага раёна. Рака вельмі звілістая. У 1970-х гадах яе русла было штучна выпрамлена, што і бачна на фота.

 Мар’янава рэчка. - Невялікая рукатворная сажалка, выкапаная для ўласных патрэб. Па форме доўгая, крыху нагадвае рэчку. Назва паходзіць ад імя гаспадара сажалкі - Зінкевіча Мар’яна. На фота - удзельнікі даследчай экспедыцыі па ваколіцах аграгарадка Сітцы.

          Падплісніца (Падмлынніца). - Калісьці шырокі і даволі бурны ручай. Па словах жыхара аграгарадка Сітцы Яловіка А. А., 1939 г. н., на гэтым ручаі знаходзіўся млын. Засталіся ад яго толькі ямы ля фермы “Пліскі”. Ручай абмялеў, зарос чаротам і кустоўем.

        

 Папова сажалка. - Невялікая рукатворная сажалка, выкапаная для ўласных патрэб бацюшкам. Адсюль і назва. Зімой яна ператвараецца ў выдатны каток для дзяцей. На фота - удзельнікі даследчай экспедыцыі па ваколіцах аграгарадка Сітцы ля сажалкі.

 Пярэчка. - Канал, выкапаны ў час інтэнсіўнага асушэння навакольных тэрыторый. Глыбіня каля 1,5 метра. Цягнецца ад былой Папоўшчыны да вёскі Курдзекі. Спадае ў раку Сэрвач у раёне Малых Сітцаў. Вясной па дрэнажных трубах у яго сцякае талая вада. Канал мялее, зарастае травой, кустамі. На фота бачны цэментныя слупкі ад былога моста праз канал.

 Разліў. - Тэрыторыя былых торфараспрацовак на захад ад аграгарадка Сітцы. Зараз забалочаная. На сённяшні дзень яе асвойваюць калоніі баброў. У добрым суседстве гняздзяцца лебедзі.

 Сэрвач. - Рака ў Докшыцкім, Мядзельскім і Вілейскім р-нах, правы прыток Віліі. Даўжыня 85 км. Выцякае на ПдЗ з воз. Сэрвач (Вешняе) Докшыцкага раёна, упадае ў Вілейскае вадасховішча… Асноўныя прытокі: Сэрвач, Галядза, Зуйка (злева), Патачанка, Наква (справа). [1. с, 358 - 359]

Назва ракі, паводле інтэрнет-версіі, балцкага паходжання, роднаснае з літ. . srovė “цячэнне”, якое паходзіць, у сваю чаргу, ад індаеўрапейскага  sr(e)u- “цячы”.

Другая версія такая: гідронім ўяўляе сабой складанне карнявых кампанентаў Сэр- + -веч. Першы з іх матывуецца словам сер - “рака” з мовы комі, а другі з’яўляецца мадыфікацыяй старажытнага гідранімічнага кораня са значэннем “вада”, “вільгаць”, “мокры”. [10]

Даследчык У. Ф. Ісаенка лічыць, што больш за 4 тысячагоддзі таму старажытныя еўрапейцы часта называлі рэкі словамі, якія проста абазначалі “цячэнне”. З той пары цякуць Сярвон у Швецыі, Сярвейка ў басейне Ловаці, Сярпеж - Віліі, Сярпея - Проні. [6, с. 699]

 Сэрвач. - Ручай у Докшыцкім раёне, левы прыток р. Сэрвач (бас р Вілія). Даўжыня 12 км. Пачынаецца за 2 км на З ад в. Дзядкі, упадае ў Сэрвач за 1,1 км на ПдЗ ад в. Сэрвач (Вешняе). Рэчышча каналізаванае, ад в. Малінаўка да в. Макаравічы берагі параслі хмызняком. [1. с, 359]     

 Чыстыя Пруды. - Былыя панскія сажалкі. З дзясятак год таму назад саўгас сваімі сіламі ачысціў адну з сажалак. Зараз гэта ўтульнае месца адпачынку сяльчан і рай для рыбакоў. Назва перанесеная - калька з рускай мовы.

 Езуфова - Сажалка каля былога хутара Езуфова, на ўсход ад аграгарадка Сітцы. У ходзе даследчай работы мы знайшлі фотаздымак сажалкі, датаваны 1997 годам. Гэта чысты вадаём, у якім купаюцца дзеці.

Берагі чыстыя. Гэта было добрае месца для адпачынку.

  

Легенды і паданні Сітцаўскага краю

У гэтым раздзеле нашай работы мы будзем абапірацца на матэрыялы, сабраныя Каляга Тамарай Тадэвушаўнай, настаўніцай гісторыі ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна” ад жыхароў вёсак Парэчча, Сітцы, Дзядкі. Легенды і паданні Парэцкага краю пададзены ў вершаванай форме і апрацаваны былой настаўніцай ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна” Ючкавіч Марыяй Браніславаўнай. Паданне “Чаму Паваркі” і “Чаму змялела Падплісніца” пачулі і запісалі мы, удзельнікі аб’яднання па інтарэсах  “Энцыклапедыя жыцця беларусаў” ДУА “Сітцаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна” ад жыхароў Курдзек, Сітцаў, Парэчча.

Легенды і паданні нашага краю ўяўляюць цікавасць не толькі ў гістарычным плане. З філалагічнага боку яны таксама багатыя сваёй каларытнай мовай, займальныя сюжэтам, які падчас уключае ў сябе вымысел і здагадкі.

         Паданні пра паходжанне назваў вёсак Сітцы і Малыя Сітцы дайшлі ад жыхара в. Рапяхі Норавіча Васіля Іванавіча (1904 - 1980 гг.). Апавядальнік прыводзіць дзве версіі паходжання назвы вёскі Сітцы. Сюжэт кожнага падання па-свойму цікавы і пераканальны. А два аповеды (пра Сітцы і Малыя Сітцы) звязаны паміж сабою вобразам гістарычнай асобы - імператрыцы Кацярыны ІІ. Зачын паданняў пра Сітцы напамінае казачны: “даўным-даўно”, “у даўнія часы”.

         У першым паданні вельмі да месца той, хто слухаў, правёў параўнанне з купалаўскімі радкамі:

Сонных вёсак шары,

Хат амшалых, як мар…

         Гэта наводзіць на думку, што хаты ў вёсцы ў той час размяшчаліся па акружнасці, напаміналі шары або круглае сіта. Адсюль Сітцы.

         Хочацца яшчэ раз падкрэсліць ролю вобраза імператрыцы, бо як сцвярджаюць паданні, іменна яна падказала або проста дала назву вёсцы : “Гэта Малыя Сітцы”. Сюжэтная сувязь легендаў прасочваецца і ў тым, як просты люд хацеў выказаць павагу Кацярыне Вялікай, як пышна яе сустракалі ў нашых вёсках, нават высцілалі дарогу сітцам. Людзям так хацелася верыць у добрую матухну-царыцу.

Сітцы

         Даўным-даўно пачалі сяліцца людзі ў нашай мясцовасці. Бедныя хаткі гэтых людзей размяшчаліся ў беспарадку, там і тут, як бы ў выглядзе сіта. Адсюль - Сітцы або Сітца, што можна зразумець як малое сіта.

         Дык вось, як нам стала вядома ад старажылаў, чарговаму землеўладальніку не спадабалася такое размяшчэнне сялянскіх сяліб, таму што ён па-іншаму планаваў свае зямельныя ўгоддзі. Па яго загаду “непатрэбныя” хаты былі спалены. І ў выніку ў в.Сітцы засталася на час адзіная вуліца, якая зараз называецца “Цэнтральнай”.

         У даўнія часы людзі даведаліся, што праз іх мясціны будзе ехаць царыца Кацярына Вялікая. Паколькі гэтыя мясціны былі балоцістыя, было вырашана дарогу, па якой мелася ехаць царыца, высцеліць тканінай - сітцам.

         Праязджаючы, Кацярына ІІ здзівілася: “Ваша мясцовасць багата на сіцец!”

         З таго часу вёску пачалі называць Сітцы.

         Даўно вядома вёска Малыя Сітцы. А чаму яна так называецца, людзі расказваюць наступнае. Едучы з Пецярбурга ў Вільню, імператрыца Кацярына ІІ праязджала па нашых мясцінах. Каб дагадзіць царыцы, аказаць ёй пэўную ўвагу жыхары Сітцаў сустрэлі яе пышна: выйшлі прывеціць усёй вёскай, чыста і прыгожа апранутыя. Таксама ўбачыла імператрыца ўрадлівыя землі і лесу багата, і сена аж надта.

         А непадалёку ўбачыла Кацярына ціхую вёсачку з некалькіх хат, зараснікам пакрытую. А вакол толькі цёмны лес сінее. На дарогу выйшла ўсяго некалькі чалавек. Паглядзеўшы на гэта, імператрыца сказала: “Гэта Малыя Сітцы”.

                                                        Запісана ад Норавіча В.І., 1904 г.н.

         Наступнае паданне таксама апавядае пра паходжанне назвы вёскі і называецца “Чаму Дзядкі?”. Запісана яна Юковіч Наталляй ад жыхаркі гэтай вёскі Курдзекі Любові Іванаўны.

Чаму Дзядкі?

         Было тое так даўно, што нашым дзядам і прадзедам іх дзяды і бабкі апавядалі гэтую гісторыю, як даўніну даўнюю, даўно забытую.

         На гэтым месцы стаяла вялікае сяло. Людзі жылі не вельмі багата, але не тужылі. Але ўбілася ў сяло – не пра нас спамінаючы, хай яе на сухі лес нясе – халера. Пахварэлі ўсе людзі і пачалі паміраць, як мухі ўвосень.

         Засталіся ў вёсцы толькі некалькі старых дзядоў.

         Адсюль і назва – Дзядкі.

                                                        Запісана ад Курдзекі Л.І., 1923 г.н.

Парэцкі край у паданнях, вершаваных апавяданнях

“Парэцкі край у паданнях, вершаваных апавяданнях” - гэта літаратурная апрацоўка матэрыялу, запісанага ад канкрэтных асоб. Калі разглядаць гэтыя творы ў філалагічным аспекце, то можна адзначыць, што аўтар вершаванага варыянту паданняў Ючкавіч Марыя імкнулася перш за ўсё да праўдзівасці і дакладнасці перадачы зместу пачутага. Напрыклад, у паданні “Пра агарод у Сінім бары” мы чытаем пра тое, што аўтару знаёма гэта мясціна, што там і яна ў дзяцінстве збірала лісічкі.

         “Цагельня - сажалка, дзе была гліна,” - аб’ект увагі ў наступным паданні. Здавалася б, ці мала дзе гліна бывае, але ў гэтым месцы яна была асабліва трывалая, таму і згадзілася для будаўніцтва мясцовага касцёла. Апавяданне ў апавяданні - так у нейкай ступені можна назваць сюжэт падання “Цагельня”, бо дзіцячыя ўражанні аўтара ўдала дапоўнены ўспамінамі Шылько Алены Антонаўны, якая ведае, што яе свякроў удзельнічала ў вырабе той моцнай цэглы, з якой пабудавалі Параф’янаўскі касцёл.

         Тое, што засталося ад даўніны, а менавіта разбураныя панскія маёнткі, рэшткі драўлянага насцілу - пераправы праз балота, курганы ў лесе, - усё тое захоўвае нейкія таямніцы, звязаныя з пражываннем ў нашай мясцовасці паноў да 1939 г., з вайною 1812 г. Так пра накат і маёнтак Станіславова Марыі Ючкавіч распавядала яе мама Ючкавіч Сафія Іосіфаўна. І гэтыя аповеды ляглі ў аснову аднайменных паданняў “Накат”, “Маёнтак Станіславова”.

         Валатоўкі. Яшчэ адно месца, дарагое сэрцу паэтэсы. Дарагое сваімі ўспамінамі пра маленства, пра школьныя гады, а яшчэ і ўспамінамі старажылаў пра паходжанне ямаў і курганоў у Валатоўках, пра вайну з французамі.

Парэцкі край у паданнях, вершаваных апавяданнях

***

Там, дзе ціхая Сэрвач уецца,

Сіні бор горда ўзняў галаву,

Добра марыцца, шчыра пяецца.

Там цудоўныя людзі жывуць.

На прывольных парэцкіх абшарах,

На прасторах балот і лясоў

Столькі цудаў адкрыецца, мараў,

Таямніцаў і казачных сноў.

Даўніны нашай цені і здані,

Што схаваліся ў багну даўно,

Адрадзіліся зноў у паданнях.

Дык хутчэй жа адчынім акно

У гісторыю, у самабытнасць.

Таямніцы пачнём вывучаць,

Каб пазнаць чалавечую існасць,

Каб цікавую працу пачаць.

Пра агарод у Сінім бары

Чула не раз, як гаворыць народ:

Пойдзем лісічкі збіраць у Гарод.

Дзіва якое! У лесе гарод?..

Дык вось (з той пары ўжо прайшло многа год)

                           Жыў там ляснік у той час. У бары

                           Была леснічоўка. А лес хоць стары,

                           Але быў чысты, дарогі ў ім

                           Не зарасталі (касілі ў час).

                            Адна з іх вяла ў Парэчча, да нас,

                           Другая ў Будзічы – праз балота.

                           Яшчэ - ў Кліманцова, куды на работу

                           Людзі хадзілі туды, за панамі,

                           Рабілі ўручную: жалі сярпамі,

                           Касцы там касілі траву на паляне,

                           Якая, заросшы, Гародам тым стане,

                           Такія яліны там павырасталі!

                           Пад імі і мы лісічкі збіралі.

                                      Запісана ад Шылько А.А., 1923 г.н.

Цагельня

    Кут - гэта луг за вёскай,

    Які ўпіраўся ў балота.

    Многа для нас тут дзівосаў,

    Таму сцяжынкай ахвотна

    Мы беглі хутчэй да цагельні,

    Сажалкі, дзе была гліна,

    Якая ў руках умелых

    Цэглаю стаць павінна,

    Для нас жа, дзяцей, тут забавы:

    Ляпілі розныя цацкі.

    Не было цікавейшай справы,

    Чым з глінаю той займацца.

“Гліна была прыдатнай,

Добрай для будаўніцтва,

Таму для кацёла выдатна

Змагла яна прыгадзіцца.

Таму наш касцёл стогадовы

(Дый больш яму за стагоддзе!)

Сёння стаіць як новы.

Яшчэ ўспомніць тут не шкодзіць,

Што гэту каштоўную цэглу

Былі ахвотнікі ўкрасці,

Таму было так патрэбна

Ставіць на ёй пячаткі.

Маёй свекрыві работа

Якраз і была ў гэтым,

Рабіла яе з ахвотай,

Бо так патрэбна свету,

Людзям, малым і дарослым,

Вера ў магутнага Бога,

У кожным выпадку просім

Яго святой дапамогі.”

                                            Запісана ад Шылько А.А.,1923 г.н.

                 Накат

Парэчча, Вайтовічы, Станіславова…

Колькі назваў ёсць адмысловых!

Хоць Парэччаў мы ведаем шмат,

Ды не кожнае мае накат.

Што, спытаеце, гэта такое?

Ад старэйшых я ведаю тое,

Што даўным даўно тут баі ішлі,

Пераправу войскі вялі

І качалі (каталі) бярвенне,

Засталося здаўна, на здіўленне,

Тое моцнае збудаванне.

Па балоце ідучы, як станем

На яго, то адчуем, што грэбля

Збудавана была, як патрэбна.

Нездарма ж маглі людзі на конях

Тады ездзіць па ёй, а сягоння

Па накаце прайдзіце - і самі

Вы адчуеце пад нагамі

Гул сівой даўніны. Тут у святы

Людзі ехалі ў Ваўкалаты

Напрасткі, каб хутчэй, да касцёла,

Бо далёка ехаць наўкола,

Праязджаць трэба многа вёсак,

Па накаце ж - зручна і проста.

                                               Запісана ад Ючкавіч С.І., 1932 г.н.

Маёнтак Станіславова

Мне пачуць было дзіўна і нова

Пра маёнтак Станіславова,

Уладанне паноў Азямблоўскіх.

Ліпы ў рад там пасаджаны, проста,

Яшчэ рэшткі старой агароджы -

Толькі гэта ўказваць можа

Што жылі тут паны сярод поля,

Што вучыліся дзеці ў школе.

У маёнтку была збудавана,

Сямігодкаю нават названа.

Ля дарогі і зараз - амшара,

Месца нашых дзіцячых мараў,

Дзе грыбы і чарніцы збіралі,

Пра маёнтак, што побач, казалі:

- Пойдзем, шчаўе там пазбіраем,

Можа, бэзу яшчэ наламаем.

У Вайтовічы ў школу хадзіла,

І было спачатку мне дзіўна,

Што завецца яна не Вайтоўскай,

А чамусьці Станіславоўскай.

Распытала пра гэта ў мамы я.

Аказалася, што тая самая

Школа даўняя, Станіславоўская

У Вайтовічы перабралася.

Так і назва яе захавалася.

                                    Запісана ад Ючкавіч С.І., 1932 г.н.

                 Пра Валатоўкі

Хадзілі мы ў школу праз лес Валатоўкі.

Душу саграваюць тыя ўспаміны…

Зімою ў ямы снежныя лоўка

Таўхалі адны другіх без прычыны,

Хіба што толькі для жартаў ды смеху.

Яшчэ мы ўзбіраліся і на пагоркі.

Не ведалі, можа, што ўсё гэта - рэха

Часоў ваенных, трагічных і горкіх.

Могілкі. Надпісы на каменні,

Што ўжо ад часу пакрыліся мохам -

Гэта ж усё - мінулага цені,

Што стала гісторыяй, часам далёкім.

У курганоў тых свае таямніцы.

Гавораць, нібыта тут пахаваны

Французы, няпрошаныя чужынцы.

Помнікамі афіцыйна названы

Тыя “пагуркі”, як іх называе

Цётка Гелена, што ведае многа,

Ахвотна пра гэта апавядае:

-У Кліманцова вяла дарога.

Тут, недалёка, ля самага поля,

У лесе - гара. Як яе раскапалі,

Дзівіліся доўга, спрачаліся ўволю:

Што ж за асілкаў тут колісь хавалі?

А гэта было відаць па шкілетах,

Доўгіх касцях, чарапах вялікіх.

Толькі ўспамін той не для паэта!

Грошай замежных знайшлі тут без ліку.

Каля гары той - старая ляшчына,

Якую і памяць мая захавала.

Не ведаю толькі, з якой прычыны

Ноччу тут, кажуць, свечка блішчала.

А на магілачках, пад Кліманцова,

Людзі раней не раз бачылі зданні, -

Дзяўчыну ў блакітным адзенні. Нанова

Так перадаць мне ўдалося паданні,

Што ад мясцовых людей я пачула,

Што зацікавілі, усхвалявалі,

Нібыта ў мінулае зазірнула.

Вельмі хачу, каб вы іх прачыталі,

Бо ўсё, што адметна ў парэцкім краі,

Краі паданняў, легенд-таямніцаў,

Гэта ўсё ў вершах сваіх апяваю,

Гэта ўсё помніцца, гэта ўсё сніцца.

                                                   Запісана ад Шылько А.А., 1923 г.н.

в. Парэчча, Сітцаўскі с/с. 2011 г. Курганны могільнік

Асаблівай увагі ў нашым даследванні заслугоўвае паданне “Кліманцоўская прыгажуня”, запісаная ад Матошкі Франі Казіміраўны (1915 - 1998 гг.) Пачутая аднойчы, яна знайшла сваё ўвасабленне і ў паэме Марыі Ючкавіч, і ў трагедыі таго ж аўтара. Гісторыя не ведае праўда гэта ці вымысел, але паданне як павучанне перадаецца наступным пакаленням.

Кліманцоўская прыгажуня

         Было гэта ў той час, калі на нашай зямлі панавалі польскія магнаты. Непадалёку ад майго роднага Парэчча, за нейкія кіламетры два ад яго, размяшчаўся панскі маёнтак Кліманцова. Цяпер ад яго засталіся толькі адны разваліны. Аднак цэгла, з якой былі складзены старадаўнія пабудовы, не страціла сваёй былой трываласці, таму жыхары навакольных вёсак да цяперашняга часу бяруць яе тут для сваіх патрэб.

         Прывабная мясціна - былы маёнтак Кліманцова. Стройныя клёны, ліпы, бярозы акружаюць дарогу, па якой некалі пад’язджалі сюды панскія брычкі і экіпажы. Поле, лугі, далей балота, якое пераходзіць у лес Валатоўкі. Вузкая сцежка, якая блукае каля кустоў, у чаратах, прыводзіць да ракі Сэрвач, даволі шырокай і глыбокай у гэтых мясцінах. Праз рэчку кінуты зыбучы драўляны масток, па якім ходзяць у грыбы і ягады.

         З гэтымі мясцінамі звязана вось якая гісторыя. Была ў Кліманцоўскага пана дачка, казачнай прыгажосці дзяўчына. Звалі яе панна Мар’яна. Пан Казімір з суседняга маёнтка часта наведваўся ў Кліманцова, бо не мог вачэй адвесці ад прыгажуні Мар’яны. Аднойчы ён прызнаўся ёй у каханні, але дзяўчына сціпла прамаўчала, адвяла ўбок свае вочы, блакітныя і бяздонныя як неба.

         У Мар’яны была свая сардэчная таямніца, якой паненка падзялілася з пакаёўкай Адэляй:

- Добра табе, Адэлечка, бо ты - вольная птушка, ніякія сумненні цябе не мучаць. Працуеш вось і спяваеш. А ў мяне цяжка на душы. Я нікому не казала, а толькі табе скажу па сакрэту, што трывожыць маю душу. Мяне кахае пан Казімір, а маё сэрца і думкі заняты панам Юрыем. Памятаеш, на мінулыя Каляды прыязджаў да нас госць з Вільні, малады ды статны. Табе ён таксама вельмі спадабаўся. А я з той пары не маю ні сну, ні спакою. Усё думаю аб ім.

Адэля толькі ўздыхнула, падумаўшы: “Мне б твае клопаты; начыталася французскіх раманаў…”

Праз некалькі месяцаў у маёнтку быў пышны баль: святкавалі дзень паўналецця панны Мар’яны. Наз’язджалася многа багатых гасцей, і сярод іх быў пан Юрый. І, канешне, суседні пан Казімір. Абое з хваляваннем паглядалі на кліманцоўскую прыгажуню, якая ў дзень свайго нараджэння была прыгожая, як казачная каралеўна, у белым пышным плацці, расшытым жэмчугам і бліскучымі карункамі. Пан Юрый запрасіў яе на мазурку, не ведаючы, што Мар’яна паабяцала танец пану Казіміру. Той затаіў крыўду, не мог глядзець, як Юрый у танцы абдымаў тонкі стан дзяўчыны.

Выпіўшы з гора, ён падышоў да групы маладых гасцей і стаў з імі сумыслу на ўвесь голас гаварыць абразлівыя словы на свайго саперніка, і тыя гучна смяяліся. Не вытрымаўшы абразы пан Юрый выклікаў пана Казіміра на дуэль.

Развязка падзей была хуткая і трагічная. На дуэлі загінуў Юрый, чыйго кахання так прагнула сэрца дзяўчыны.

Жыццё страціла ўсялякі сэнс. Дзяўчына-краса стала сумнай і задуменнай. У адзіноце блукала па палявых сцяжынках, па могільніку, які быў на ўзлеску. Часта сядзела на зыбкім мастку. Аднойчы яе цела знайшлі ў Сэрвачы.

З той пары засталіся ўспаміны аб незвычайных з’явах. Кажуць, што бачылі людзі не раз: у кусце ляшчыны паблізу могілак гарэла свечка, а пану Казіміру там з’яўлялася здань: дзяўчына ў блакітным адзенні плыла над магіламі.

Дзед Ласкаўскі. Хто ён такі?

Даведаецеся пра гэта, прачытаўшы паданне з такою ж назваю, запісанае Норавічам Андрэем ад яго бабулі Жалейкі Вольгі Іосіфаўны, 1922 года нараджэння, жыхаркі вёскі Сітцы. Наогул, для вуснай народнай творчасці (казкі, легенды, паданні) характэрны сюжэты пра чараўнікоў, дамавікоў, добрых і злых духаў. А дзед Ласкаўскі з выгляду звычайны чалавек, жабрак, які хадзіў па вёсках, меў незвычайныя здольнасць, многа ведаў, умеў чараваць, але толькі добрае. Ён дапамагаў людзям у бядзе, і памяць аб ім засталася ў народзе. “Што ты усё ходзіш, як дзед Ласкаўскі?” – гэты выраз напомніў мне аднатыпны: “Што ты прыдурваешся, як Іван Станелеўскі?”, бо некалі ў вёску Парэчча прыходзіў чалавек з такім іменем і бегаў за намі, дзецьмі, ці спаў прама на вулачцы, падклаўшы пад галаву шапку. У нас нават такая гульня з’явілася: хто не пабаіцца і разбудзіць Станелеўскага Івана. А той хадзіў з палкай, якую клаў каля сябе, калі спаў, і мог кінуць па кім той палкай.

Так што, сапраўды, сюжэт гэтага падання тыповы. Даўней жабракі хадзілі па вёсках, прасілі есці, наймаліся пасвіць кароў. А дзед Ласкаўскі мог аддзячыць людзям за іх дабрыню тым, што ўмеў чараваць, вярнуў жонцы мужа. А што тут праўда, а што вымысел – ведае толькі гісторыя.

Дзед Ласкаўскі

         У нашай мясцовасці можна пачуць: “Што ты ўсё ходзіш, як дзед Ласкаўскі?”

         Хто ён такі – дзед Ласкаўскі?

         Вось што рассказала мая прабабуля.

         Даўно гэта было, так даўно, што з памяці ўжо многае сцерлася, але засталося тое пачуццё цеплыні, з якім людзі гаварылі пра дзеда Ласкаўскага. Быў гэта незвычайны чалавек. Пра такіх кажуць “ад Бога”. Хадзіў ён па вёсках са сваёю жонкай. Яны жабравалі. Хадзілі яны заўсёды чысценька апранутыя, заўсёды ветлівыя. Іх ведалі ўсе жыхары навакольных вёсак і ніхто не адмаўляў ім не ў гасцінцы, ні ў начлезе. Быў дзед родам з вёскі Ласкаўшчына, за тое і прозвішча такое атрымаў. Шмат жабракоў хадзіла ў той час па вёсках, але пра іх ужо даўно забыліся, а вось дзеда Ласкаўскага памятаюць. Дзед нічога не бачыў, але меў затое залатое сэрца і веды, за якія ў народзе такіх людзей называюць чараўнікамі. А чалавек гэты чараваў толькі добрае.

         Жыла ў адной вёсцы маладзіца з дзвюма маленькімі дочкамі. Бацька гэтых дзяўчынак не быў ёй мужам, толькі так захадзіў час ад часу. Вядома ж якая слава ідзе пра такіх жанчын, часта зусім не справядлівая. Ды й хіба лёгка весці сялянскую гаспадарку без мужа. Карацей кажучы, гаравала небарака.

         І вось неяк на Каляды наведаўся да яе дзед Ласкаўскі. Стала жанчына частаваць іх з жонкай, а між іншым і расказала пра сваю долю. Наліла яна дзеду і чарку, а ён кажа: “Вылі гэту гарэлку назад і дай мне”. Хто ведае, што зрабіў дзед з той гарэлкаю, але, вярнуўшы яе праз некаторы час жанчыне, сказаў: “Чакай!”

         Чакаць прыйшлося нядоўга: да Вялікадня. Прыйшоў да яе каханы, пачаставала яна яго той гарэлкай, і застаўся ён ў яе на ўсё жыццё.

         Кажуць, што не адной пары закаханых дапамог дзед Ласкаўскі.

         Вось такі чараўнік хадзіў па нашым краі. Імя яго згубілася ў гісторыі, але добрыя справы не сцерліся з людской памяці.

                                                        Запісана ад Жалейка В.І., 1922 г.н.

Чаму Паваркі?

         Паданне пра незвычайную назву вуліцы ў вёсцы Курдзекі Докшыцкага раёна вучні пачулі ад жыхара гэтай жа вёскі Згірскага Казіміра Вікенцьевіча, 1939 г. н. Пра назву вуліцы ён чуў ад маці.

Згірскі К. В. расказвае паданне пра назву сваёй вуліцы удзельнікам даследчай вандроўкі па ваколіцах Сітцаўскага с/с. 2017 г.

Паваркі

         Хадзіла калісьці па наваколлі зусім бедная жанчына. Пабіралася, жыла з таго, што ёй падавалі добрыя людзі. Розуму яна была недалёкага, але зла нікому не рабіла.

У адзін з летніх дзён яна завітала на падворак Згірскіх. Дом стаяў крыху наводшыбе, таму гаспадары здалёк заўважылі госцю. Гаспадыня якраз мыла адзенне. На вяроўцы ўжо сохла прыгожая сукенка, якую гаспадыня надзявала ў святы, і рознакаляровая спадніца. Наведвальніца ўпадабала спадніцу. Але хто ж ёй яе аддасць?! Папрасіла ў гаспадыні, але пачула адмову.

         Пайшла засмучаная жабрачка са двара і пачала казаць людям у вёсцы: “Усё роўна ўкраду ў Паваркі (так яна называла гаспадыню) тую прыгожую спадніцу!”

         З таго часу і пачалі людзі называць вуліцу, якая вядзе да дома Згірскіх, Паваркамі.

                                                        Запісана ад Згірскага К. В., 1939 г. н.

Чаму змялела Падплісніца

         Гэта паданне мы запісалі ад Альхімёнка Уладзіміра Георгіевіча, жыхара аграгарадка Сітцы, у час працы над раздзелам “Гідронімы”. Нам цікава было даведацца, што за маленькі ручаёк цячэ паміж Сітцамі і Пліскамі. І пачулі наступнае…

Альхімёнак У. Г. расказвае ўдзельнікам краязнаўча-этнаграфічнага гуртка “Энцыклапедыя жыцця беларусаў” паданне пра рачулку. 2017 г.

- Чуў я яшчэ ў дзяцінстве ад людзей, што ў нашай мясцовасці, а іменна каля Плісак, спыніўся на адпачынак цыганскі табар. Рачулка тады пад Пліскамі была імклівая, вада ў ёй была чыстая, празрыстая. На рачулцы стаяў млын.

Цыгане пачалі паіць коней, дзеці пачалі купацца, бо дзень быў спякотны. Пайшла на рачулку і маладая цыганка з дзіцем. Не вярнуліся яны з таго купання.

Ад гора і роспачы старая цыганка загаварыла рачулку. З таго часу ручай пачаў імкліва мялець. Спыніліся колы старога млына. З даволі вялікай і глыбокай рачулкі стаў неглыбокі ручай. Паступова ён зарос чаротам, трыснягом, балотнай асакой. Нават у назве людзі блытаюцца. Адны кажуць, што ручай называўся Падплісніца, другія ўспамінаюць, што называлі яго – Падмлынніца.

                                               Запісана ад Альхімёнка У. Г., 1957 г. н.

Заключэнне

         За час работы над даследчай працай мы пераканаліся, што наша малая радзіма мае багатую гісторыю са шматвяковымі каранямі, зразумелі, як дораг нам, нашым бацькам, дзядулям і бабулям кожны маленькі куточак нашай сітцаўскай зямлі, і поўнасцю згадзіліся са словамі вядомага беларускага паэта Анатоля Вярцінскага:

Не тое лепшае, што навейшае,

А тое лепшае, што раднейшае.

Не тое лепшае, што вышэйшае,

А тое лепшае, што бліжэйшае.

Не тое лепшае, што прыгажэйшае,

А тое лепшае, што даражэйшае.

Спіс выкарыстаных крыніц інфармацыі

  1. Блакітная кніга Беларусі (Водныя аб’екты Беларусі) : энцыклапедыя. – Мінск : Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 1994. - С. 121, 358 - 359.

  1. Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1860 – 1862 гг.: Зб. дак-таў / Склад. Д. В. Лісейчыкаў. - Мінск : І. П. Логвінаў, 2009. - С. 189 - 219. // [Электронны рэсурс]. - Рэжым доступу http://pawet.net/files/wizity.pdf  свабодны - Дата доступу: 30.07.2017.

  1. Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. Минск : изд. БГУ им. В. И. Ленина, 1974. - С. 93, 190, 204, 292.

  1. Лыч, Л. М. Назвы зямлі беларускай / Лыч Л. М. – Мінск : Універсітэцкае, 1994. - С. 29, 32. - (Універсітэт – школе).

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь : Віцеб. вобл. : нармат. давед. / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова ; пад рэд. В. П. Лемцюговай. - Мінск : Тэхналогія, 2009. - С. 258.

  1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.].; Маст. Э. Э. Жакевіч. - Мінск: БелЭН, 2004. - С. 24 - 33, 46 - 81, 205 - 207, 699 - 700.

  1. Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці / Я. Н. Рапановіч ; пад. рэд П. П. Шубы. - Мінск : Навука і тэхніка, 1977. - С. 68 - 403.

  1. Рогалеў, А. Чаркасы : назвы нашых вёсак / А. Рогалеў //Ленінская трыбуна. - 1990. - 24 мая.

  1. Тапаніміка // [Электронны рэсурс]. - Рэжым доступу https://be.wikipedia.org/wiki свабодны – Дата доступу 25.07.2017.

  1.  Тапонім, тапанімія, тапаніміка. Нацыянальна – культурная адметнасць тапанімічных назваў Беларусі // [Электронны рэсурс]. - Рэжым доступу http://studopedia.org свабодны - Дата доступу: 23.07.2017.

  1.  Фурсевіч, І. Спадчына : назвы нашых вёсак / І. Фурсевіч // Родныя вытокі. - 1994. - 24 жніўня.

  1.  Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. / рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1983. - Т.1. – С. 64, 204, 224.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.